Аляксей Кубракоў / mkconsulting.by
На волю выйшаў юрыст-палітвязень Аляксей Кубракоў. Сілавікі называлі яго "кур’ерам БайСола".
Кубракову прысудзілі два гады калоніі і аштрафавалі на 22 500 рублёў. Затрымалі яго ў кастрычніку 2024 года і вельмі доўга трымалі ў СІЗА. Прысуд быў абвешчаны толькі месяц назад, 12 лютага 2026 года. За кошт такога працяглага знаходжання ў СІЗА яго тэрмін ужо скончыўся.
Разам з Кубраковым судзілі яшчэ трох чалавек. Аднаму таксама далі 2 гады калоніі — хутчэй за ўсё, яго вызвалілі ў той жа дзень, што і Кубракова.
Яшчэ два чалавекі атрымалі па 3 гады калоніі. Мяркуецца, што гаворка ідзе пра пару — Сяргея Кардаша і Веру Кананенка. Імя Кардаша называлася ў тым жа сюжэце АНТ, у якім гаварылася пра арышт Кубракова.
Фонд "БайСол" заяўляў, што затрыманыя беларусы не былі яго кур'ерамі, бо ў арганізацыі няма і ніколі не было кур'ерскай сеткі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут