На стадыёне "Дынама" казырок мусіў закрываць усе трыбуны. Але ўлады зэканомілі

01/08/2018 - 13:02

Казырок на абноўленым стадыёне "Дынама" мусіў закрываць усе глядацкія месцы. Але ў мэтах эканоміі чыноўнікі настаялі, каб трыбуны былі закрытыя не цалкам. Пра гэта ў інтэрв'ю Tribuna.com распавёў Аляксандр Елісееў — архітэктар, які распрацаваў праект рэканструкцыі стадыёна. 


"Я такой эканоміі не разумею і не прымаю. Лічу, што калі вырашылі накрываць казырком, то рабіць гэта трэба па ўсім стадыёне. Некалькі разоў спрабаваў даказаць свой пункт гледжання, але толькі атрымліваў вусную вымову. А раз ужо ў заданні па праектаванні прапісана "накрыць 70-80% стадыёна", то па факце прыйшлося выконваць гэтую ўмову, — сказаў Елісееў.

Адсутнасць казырка над усім стадыёнам робіць сваю справу. Чэмпіянат  Беларусі па лёгкай атлетыцы акурат прыпаў на час моцных залеваў. Дарожкі, па якіх бегалі спартоўцы, былі залітыя вадой. "Пацярпела" і медыя-трыбуна, якая знаходзіцца ў цэнтральным сектары: не толькі першыя шэрагі былі залітыя цалкам. Кроплі дажджу дасталі нават 15-ты шэраг.

 

Медыязона падчас дажджу. Фота: pressball.by

Дарэчы, у лістападзе 2017 года пытанне казырка на "Дынама" падымалася на адной з прэс-канферэнцый, якую давалі спартыўныя чыноўнікі. Былы міністр спорту Аляксандр Шамко, пачуўшы пра хібу, збіраўся праблему вырашыць:


"Я не магу сказаць, якія трыбуны казырок закрывае, якія не закрывае. Пра тое, што казырок не закрывае паўночную і паўднёвую трыбуны, я першы раз чую ад вас. Я абмяркую гэтае пытанне са спецыялістамі і дам адказ". 


Відаць, пра казырок тагачасны міністр, відаць, забыўся, раз цяпер дождж шчодра палівае "Дынама". Можна нават не рабіць вільготную ўборку.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі