На групу ілжэпрадпрымальнікаў пачалі 15 крымінальных спраў

01/02/2016 - 15:05

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю паведамляе, што спыніў дзейнасць групы ілжэпрадпрымальнікаў.

Паведамляецца, што група мінчукоў кантралявала 29 фіктыўных кампаніяў. Выкарыстоўваючы іх рэквізіты, пячаткі і разліковыя рахункі, яны аказвалі паслугі кампаніям рэальнага сектара эканомікі па незаконным абмене безнаяўных грошай на наяўныя і наадварот, а таксама па перанакіраванне фінансавых плыняў. У групе было шмат удзельнікаў, ролі ў ёй былі размеркаваныя: адны займаліся рэгістрацыяй ілжэструктураў, другія — пошукам фармальных заснавальнікаў і дырэктараў, трэція — афармленнем дакументаў і кіраваннем разліковымі рахункамі.

На арганізатараў і ўдзельнікаў злачыннай групы, а таксама службовых асоб суб'ектаў рэальнага сектара эканомікі, якія карысталіся іх паслугамі, фінансавая разведка пачала 15 крымінальных справаў. Адна з іх — за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, а 14 — за ўхіленне ад выплаты падаткаў.

Паведамляецца, што праваахоўнікі затрымалі 16 арганізатараў, актыўных удзельнікаў і пасярэднікаў злачыннай групы, а таксама службовых асоб з кампаній, якія карысталіся іх паслугамі. Восем з іх былі ўзятыя пад варту.

Работнікі фінансавай міліцыі правялі больш за 80 ператрусаў. На маёмасць падазраваных агульнай сумай больш за 6,5 млрд рублёў накладзены арышт. Акрамя таго, праваахоўнікі прыпынілі аперацыі кліентаў ілжэструктур, на разліковых рахунках якіх заблакавана больш за 3,5 млрд рублёў.

Дарэчы, падчас расследавання было зафіксавана 10 явак з пакаяннем па фактах ухілення ад выплаты падаткаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі