На адвакатку Калеснікавай склалі два пратаколы

25/09/2020 - 12:03

На адвакатку Людмілу Казак склалі два адміністрацыйныя пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. 

Сведамі ў пратаколах запісаныя асобы са змененымі персанальнымі данымі. Пра гэта юрыстка распавяла сваім абаронцам, якіх пусцілі да яе ў ІЧУ на Акрэсціна, піша TUT.by.

Адвакаты Віктар Мацкевіч і Святлана Гарбаток не маглі трапіць да Людмілы Казак больш за тры гадзіны. Спярша адміністрацыя ІЧУ казала пра каранцін, потым — пра ўнутраныя "мерапрыемствы" ў ІЧУ. Урэшцн іх пусцілі па адным.

Віктар Мацкевіч пераказаў, як адбывалася затрыманне яго падабароннай. Як і меркавалася, жанчыну схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна ішла да сваёй машыны. Схапілі яе тры мужчыны. 

"Адзін, як яна зразумела, быў супрацоўнікам АМАПу, а два — невядома хто, у масках. Яе прывезлі ў Цэнтральны РУУС, працаваў з ёй супрацоўнік РУУС Вусік. Склалі пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на масавым мерапрыемстве на праспекце Пераможцаў. На самай справе яна была ў гэты дзень у ГЦ "Галілеа" з дачкой, куплялі рэчы да школы. Сведкамі ў пратаколах былі пазначаны "Івановы Іваны Іванавічы" — гэта значыць, асобы, чые персанальныя даныя змененыя", — кажа Мацкевіч. 

Па яго словах, міліцыянты размаўлялі з Казак па-хамску, казалі ёй: "Вы тут, і павінны падпарадкоўвацца нашым патрабаванням". Яны праіганаравалі просьбу юрысткі затэлефанаваць мужу, кіраўніцтву калегіі адвакатаў. Таксама Казак прасіла выклікаць хуткую, бо кепска пачувалася. 

"Патрабавалі разблакаваць тэлефон — яна адмовілася. Ніхто не хаваў тое, што "нам цікавыя вашы тэлефоны". Ва ўсіх пратаколах і ў асобных скаргах яна пісала, што гэта пераслед за прафесійную дзейнасць, што адабраныя рэчы змяшчаюць адвакацкую таямніцу. Людміле, вядома цяжка, стан пакідае жадаць лепшага, але яна моцная жанчына і трымаецца, глыбока абураная тым, што адбываецца", — кажуць абаронцы Казак.

Адвакаты лічаць, што на Людмілу Казак аказваецца ціск і вядзецца яе пераслед за прафесійную дзейнасць з мэтай дыскрэдытаваць яе і пакараць за прынцыповую і актыўную прафесійную пазіцыю.

Людміла Казак — адвакатка Марыі Калеснікавай. Яна перастала выходзіць на сувязь 24 верасня каля 14:00. Толькі ў 20:00 прэс-служба сталічнай міліцыі паведаміла агенцтву ТАСС, што Казак затрымалі. А пра тое, што яна знаходзіцца на Акрэсціна яе адвакаты даведаліся толькі ў 22:00.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі