МЗС даў тэлефоны для беларусаў, якія знаходзяцца ў Турцыі

16/07/2016 - 08:29

Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з заявай, у якой асудзіла спробу перавароту ў Турцыі.

“З сур’ёзнай заклапочанасцю і занепакоенасцю ўспрынятыя весткі з Турэцкай Рэспублікі аб спробе ваеннага перавароту, якая была зробленая ізаляванай групай турэцкіх вайскоўцаў. Асаблівае шкадаванне выклікаюць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва”, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства Беларусі падкрэслівае, што цалкам салідарнае з турэцкім кіраўніцтвам, “якое кваліфікуе гэтыя дзеянні як здрадніцкую атаку на народ і законна абраную ўладу Турцыі”, а таксама спадзяецца, што “урад Турцыі пры падтрымцы народу і войска здолее ў кароткія тэрміны стабілізаваць сітуацыю ў краіне”.

Адначасова МЗС рэкамендуе беларусам устрымацца ад паездак у Турцыю да стабілізацыі абстаноўкі ў гэтай краіне. Тым беларускім грамадзянам, якія цяпер знаходзяцца ў Турцыі, рэкамендуюць захоўваць спакой і не наведваць месцы масавага збору людзей, а таксама па магчымасці не пакідаць месцаў пражывання.

У амбасадзе Беларусі ў Анкары і генеральным консульстве ў Стамбуле кругласутачна працуе гарачая тэлефонная лінія. Дазваніцца ў амбасаду можна па нумарах +903−12−441−67−69, +905−30−499−25−35 (мабільны). Тэлефон консульства: +905−317−19−11−17.
 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі