МЗС адказаў на петыцыю, дзе прасілі забараніць кітайцам уезд у Беларусь

26/02/2020 - 12:46

Міністэрства замежных спраў адказала на петыцыю, у якой грамадзяне Беларусі патрабавалі забараніць уезд кітайцам у сувязі з каранавіруснай інфекцыяй. 

Петыцыя з'явілася на сайце Petitions.by на пачатку лютага. За тры дні пад ёй набралі 698 подпісаў. 

У сваім адказе на петыцыю начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандр Хайноўскі паведаміў, што такія рашэнні прымаюцца на падставе аналізу, праведзенага Міністэрствам аховы здароўя. 

А ў Мінздароўя, па яго словах, паведамілі наступнае:

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) не рэкамэндуе на цяперашні час уводзіць абмежаванні на паездкі і гандаль з Кітаем ды іншымі краінамі, дзе зарэгістраваныя выпадкі захворвання на каранавірус. На распаўсюд хваробы такія забароны не ўплываюць, а толькі перасоўваюць у часе пік інфікавання. У Кітаі і так уведзеныя абмежавальныя захады, спыненыя авіязносіны.

У Нацыянальным аэрапорце Мінск праводзяць двайны кантроль людзей, якія прыбываюць з Кітаю — з выкарыстаннем цеплавізараў і лабараторных абследаванняў, а пасля прылёту праводзяць 14-дзённае медыцынскае назіранне.

Кітайскіх работнікаў перавозяць і размяшчаюць пры мінімальным кантакце з навакольнымі. Для іх таксама арганізаванае назіраннелекараў. Кітайскіх студэнтаў, якія вярнуліся з зімовых вакацыяў, часова размясцілі ў аздараўленчых комплексах.

"Спыненне авіязносінаў з КНР у цяперашні час падаецца немэтазгодным па шэрагу падставаў", — канстатуе чыноўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі