Алесь Чумакоў / Еўрарадыё
— КДБшнікі, якія мяне затрымлівалі, дапытвалі, білі, а потым прысутнічалі пры адпраўленні бусіка, які ўжо ў апошні дзень майго знаходжання ў краіне паехаў на дэпартацыю, — я пазнаваў іх твары, — расказвае гусляр і ўдзельнік гурта "Стары Ольса" Алесь Чумакоў падрабязнасці свайго затрымання і дэпартацыі з Беларусі.
У эфіры Еўрарадыё ён расказаў падрабязнасці пра групу КДБ, якая прымала ўдзел у яго арышце і высяленні з краіны.
— Гэта былі тыя самыя людзі. Адна і тая ж банда, якая працуе на тое, каб браць заложнікаў і потым абменьваць іх. Гэта мафіёзная структура. Тыя самыя людзі, тыя самыя твары, яны пазнавальныя.
У мяне няма сумневаў, што ад пачатку да канца маё справа была звязана менавіта з гэтым: мяне ўзялі як абменны фонд, а потым пасля нейкага гандлю выкінулі з краіны, — кажа Алесь.
Чумакоў з песімізмам глядзіць на развіццё нацыянальнай культуры і будучыню Беларусі пры Лукашэнку.
— Калі яна знішчае сваю нацыянальную культуру, калі для іх беларускія народныя песні становяцца маркерам таго, што яны аб'ядноўваюць пратэстнае ядро, то выходзіць, што дзяржава варожая да ўласнай нацыянальнай культуры, таму што яна аб'ядноўвае беларусаў, якія слухаюць сваю нацыянальную музыку.
Усё, да пабачэння. У такой дзяржавы няма будучыні. Яна прадае сваю ідэнтычнасць, — сцвярджае Алесь.
Ён асцерагаецца, што закатаная ў асфальт культура беларусаў у Беларусі можа проста знікнуць.
— Яна можа апынуцца настолькі пад плінтусам, што да яе будзе цяжка дабрацца, яе будзе цяжка перадаць нашым нашчадкам. Гэта значыць, яна не знікне ў адзін момант — яна знікне за пакаленне, за два.
Нам здаецца, што ад сёння да заўтра праходзіць велізарны тэрмін, а на самой справе сто ці дзвесце гадоў — гэта як адзін пстрычак кадраў. І з гістарычнага пункту гледжання ўсё гэта проста знікае імгненна.
Гэта тычыцца і нацыянальнай культуры ў межах краіны, — падводзіць змрочны вынік сваіх разважанняў Алесь Чумакоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут