Музычныя інтэлектуалы Earworm развіталіся новым альбомам

06/09/2016 - 08:30

Гарадзенскія музычныя інтэлектуалы Earworm выпусцілі апошні альбом пад назвай "Last Cocktail". Па словах музыкаў, фінальнай кропкай гісторыі гурта мусіў стаць дыск "Amber", які выйшаў два гады таму і быў высока ацэнены крытыкамі. Бо ідэя, якую Earworm хацелі данесці да слухача, раскрылася ў поўным аб'ёме. Аднак гурт вырашыў запісаць яшчэ адну кружэлку.


"Чаму? Тут некалькі прычын, — тлумачаць музыкі. — Па-першае, у нас нарэшце з'явілася прыстойнае месца, дзе мы самі, не прыцягваючы нікога збоку, маглі ад пачатку і да канца ўсё зрабіць. Цяпер усё гэта можна назваць студыяй гуказапісу "Нёман", хутка будуць іншыя рэлізы пад гэтай маркай, наш — першы. Па-другое, калі не хітраваць, то новы матэрыял з нашых пошукаў новага Earworm'а атрымліваўся выдатным і прасіўся быць зафіксаваным. А па-трэцяе, хацелася проста прыгожа развітацца".

У новы альбом, апроч новых, уключаныя і дзве старыя, але крыху пераасэнсаваныя кампазіцыі.


"З адной альбом пачынаецца, мабыць, гэта сімвалізуе пераемнасць. А заканчваецца наш апошні альбом кампазіцыяй, з якой, у прынцыпе, пачынаўся наш бэнд. Атрымліваецца, што мы замкнулі кола. Гэта адна з нашых любімых кампазіцыйных схем", — рэзюмуюць музыкі. 


У дыскаграфіі гурта значацца працы "Serious Ear"(2004, ЕР), "Squirmy"(2008, ЕР), "Amber"(2014, LP).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі