Мужчына, які разбіў датчык кантролю хуткасці, "адпомсціў" прыбору за штраф

16/11/2015 - 13:46

П'яны 32-гадовы мужчына днямі, "з хуліганскіх меркаванняў", разбіў у Брэсце камеру кантролю хуткасці. Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося на вуліцы Варшаўская шаша. Мужчына нанёс па абсталяванню тры ўдары невядомым прадметам, пасля чаго паспрабаваў схавацца ў бліжэйшым лесе. Аднак каля ракі Мухавец яго затрымаў тэхнік кампаніі "Бяспечныя дарогі Беларусі" і перадаў зламысніка міліцыі.

Як паведаміла Еўрарадыё афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, у дачыненні да мужчыны могуць распачаць крымінальную справу.

Дранькова: "Праведзены агляд парушальніка паказаў, што той знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Як патлумачыў брэстаўчанін, ён быў засмучаны з-за прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне хуткасці, зафіксаванай мабільнай камерай. У дачыненні да мужчыны вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 1 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь".

Дарэчы, прыблізны кошт пашкоджанага абсталявання складае каля 482 мільёнаў рублёў.

Фота: gaibrest.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі