МУС пацвердзіла затрыманне начальніка Столінскага РАУС п’яным за рулём

28/04/2017 - 07:51

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пацвердзіла затрыманне начальніка Столінскага РАУС п’яным за рулём. Па словах афіцыйнага прадстаўніка МУС Канстанціна Шалькевіча, здарылася гэта каля 16-й гадзіны 22 красавіка ў вёсцы Галева Пінскага раёна. Аўтамабіль, якім кіраваў падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Філіпчык, быў спынены рэйдавай групай, у склад якой уваходзілі супрацоўнікі ДАІ, Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС, а таксама ўпраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння УУС Брэсцкага аблвыканкама, інфармуе прэс-служба міністэрства.

Па словах Шалькевіча, Філіпчык будзе звольнены з органаў унутраных спраў. Яго чакае і строгае пакаранне ў адпаведнасці з адміністрацыйным заканадаўствам.

Пра затрыманне начальніка Столінскага РАУС спачатку паведаміў партал tut.by. 42-гадовы праваахоўнік знаходзіўся ў чарговым адпачынку, быў у цывільнай вопратцы. Колькі праміле паказала медасведчанне, невядома. Аддзел міліцыі падпалкоўнік ачольваў з восені 2015 года.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі