“Салідарнасць” апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком “Белгазпромбанка” Віктарам Бабарыкам. У байнэце выказванні вядомага банкіра назвалі моцнымі і смелымі. Для чалавека, які займаецца буйным бізнесам у Беларусі, гэта сапраўды так.
”Дзякуй, Віктар! Вы агучылі тое, пра што многія маўчаць!” — пішуць у каментарыях.
Інтэрв’ю атрымалася даволі доўгае. Еўрарадыё выбрала з яго самыя цікавыя цытаты — для тых, у каго няма часу чытаць увесь тэкст.
"Дзяржава імкнецца захаваць тое, што ў нас было. Захаваць — гэта значыць застой. А гэта смерць для эканомікі".
"Эканоміка будучыні — гэта эканоміка персон і кампаній, а не дзяржавы".
"На жаль, мэта — чарка, шкварка і больш нічога — яна засталася нязменнай. Пойдзем мы хутчэй да яе, павольней, спынімся, і нас там пагрэюць ля вогнішча — гэта мэта да нізкага запыту, якая вядзе, груба кажучы, у топку — у нікуды".
"У нас ніхто не хоча нічога рабіць. Гэта не проста страх. Нам забараняюць, таму што нас караюць. На любым узроўні ў нас ёсць толькі адзін, хто мае права казаць, што рабіць".
"Беларусь — гэта краіна вывучанай бездапаможнасці. Што гэта значыць? Гэты тэрмін з'явіўся ў канцы XX стагоддзя ў псіхалогіі асобы. Калі ў чалавека нешта не атрымалася, і яму пра гэта нагадваюць кожны раз, даюць па галаве і кажуць: “А памятаеш, у цябе не атрымалася?” У яго выпрацоўваецца комплекс".
"Ніколі, нават у рабаўладальніцкім ладзе, пакаранне, страх не з'яўляліся матыватарамі. Калі я цябе пакараю, калі ты зробіш дрэнна, я не буду рабіць нічога. Гэта гісторыя пра нас".
"Каб пабудаваць сістэму, якая вучыць бездапаможнасці, хапае аднаго пакалення. Павінны нарадзіцца свабодныя людзі, якія ведаюць, што іх не б'юць за тое, што яны робяць і кажуць. Чалавек павінен мець права на ўласнае меркаванне і на памылку".
"Вывучаная бездапаможнасць так і плодзіцца. Мы не ведаем, што нам будзе, але некалі нехта распавядаў, што Сталін у 37-м..."
***
“А ўвогуле я аптыміст!” — пад спасылкай на інтэрв’ю напісаў у "Фэйсбуку" сам Віктар Бабарыка.