Мінюст пазбавіў ліцэнзіі ўжо трэцюю рыэлтарскую кампанію

13/06/2016 - 11:29

Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі ТАА "Цэнтр гандлю нерухомасцю "Пакадан" за парушэнне заканадаўства. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Вольга Мурашкоўская.

Рыэлтарскую кампанію злавілі на завышэнні коштаў. Падставай была скарга спажыўца. У Мінюсце кажуць, што супрацоўнікі кампаніі на 10,65 млн рублёў завысілі стаўку на паслугі ў параўнанні з прызначанай законам. Супрацоўнікі прававога ведамства прыцягнулі арганізацыю да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ўсталяванага парадку фармавання і прымянення цэн (тарыфаў).

Дзеянне ліцэнзіі ў "Пакадана" спыніцца з 23 чэрвеня. На працягу трох дзён ад паведамлення аб адкліканні ліцэнзіі кампанія мусіць пісьмова паінфармаваць пра гэта спажыўцоў і скасаваць дагаворы на рыэлтарскія паслугі.

"Пакадан" сёлета стаў трэцяй рыэлтарскай кампаніяй, якую пазбавілі ліцэнзіі. Не так даўно без ліцэнзій засталіся ТАА "Агенцтва нерухомасці "Акадэмічнае" і ТАА "Бізнес Нерухомасць".

Дарэчы, у 2015 годзе за незаконныя дзеянні Мінюст забраў ліцэнзіі ў 15 рыэлтарскіх кампаній.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі