Мінскі гігант Аляксандр Усцінаў пазмагаецца за пояс чэмпіёна свету па боксе

12/01/2016 - 03:25

Пасля таго, як украінец Віталь Клічко страціў усе свае чэмпіёнскія паясы ў суперцяжкай вазе, адразу некалькі вядомых баксёраў атрымалі шанцы за іх пабіцца. Сярод іх і жыхар Мінска Аляксандр Усцінаў.

Афіцыйны сайт Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBA) паведаміў пра тое, што так званы часовы чэмпіён свету па іх версіі — кубінскі накаўцёр Луіс Орціс — абавязаны сустрэцца з нашым земляком сёлета да 19 чэрвеня.

“Ёсць рэзалюцыя, падпісаная прэзідэнтам WBA Джылбертам Мендозам. 11 студзеня мы пачалі перамовы з кампаніяй Golden Boy Promotion, якая прадстаўляе інтарэсы баксёра Луіса Орціса. Цягам гэтага тыдня ўжо будзе зразумелы прагрэс у гэтых перамовах. Адзін з планаў нашай каманды правесці бой у Мінску. На наступным тыдні планую пачаць перамовы з “Мінск-Арэнай”, — паведамляе Еўрарадыё Уладзімір Хруноў, прамоўтар Усцінава. 

Калі гэты двубой адбудзецца, то яго пераможца зможа выйсці на Тайсана Ф’юры, які нядаўна сенсацыйна перамог Уладзіміра Клічко.

Калі казаць па-простаму, мінчанін атрымаў шанц стаць самым крутым баксёрам суперцяжкай вагі на планеце. Аднак і тое, што Усцінаў дайшоў да паядынка з Орцісам, — гэта ўжо выдатнае дасягненне. 

Улетку 2014-га Усцінаў меўся баксіраваць з Тайсанам Ф’юры. Але ў дзень боя брытанец не выйшаў у рынг, спаслыўшыся на…хваробу сваго дзядзі Х’ю. Ф’юры, дарэчы, той самы баксёр, які нядаўна сенсацыйна перамог Уладзіміра Клічка.

Луіс Орціс: ніводнай паразы, усе баі заканчвае накаўтамі

Кубінец, чыя мянушка “Сапраўдны Кінг-Конг”, правёў на прафесійным рынгу 26 паядынкаў і ні разу не прайграў. Больш за тое, усіх сваіх сапернікаў ён накаўтаваў.

Кубінцу, дарэчы, 36 год. Яго вага — каля 108 кг. У 2014 годзе Орціс быў дыскваліфікаваны за допінг на 9 месяцаў. Але ўплывовы прамоўтар Оскар дэ ла Хоя па сканчэнні гэтага тэрміну хутка вярнуў спартсмена на Алімп. Заўважым, што да прафесійнай кар’еры кубінец правёў блізу 350 баёў у аматарскім рынгу. 

Аляксандру Усцінаву 39. Яго вага сёння блізкая да 130 кг. Аматарскай кар’еры баец не меў, у класічны бокс прыйшоў з усходніх адзінаборстваў. На прафесійным рынгу Аляксандр правёў аж 34 баі, прайграў толькі адзін раз — у 2012 годзе балгарыну Кубрату Пулеву. Вось за гэту няўдачу заўзятары бокса дагэтуль дакараюць Усцінава. Пераважная большасць каментатараў на форумах не дае мінчаніну шанцаў і з-за яго ўзросту. 

“Тут ёсць момант зайздрасці, таму што Саша не знайшоў на дарозе магчымасць пабаксіраваць з Орцісам, а заваяваў яе ў баях. Цягам апошняга года ён правёў тры двубоі і ва ўсіх перамог накаўтам”, — канстатуе Уладзімір Хруноў. Прамоўтар якраз верыць у тое, што Усцінава чакае поспех. 

“Бой пакажа. Я лічу, што Орціс па сілах Аляксандру, не бачу вялікіх праблем. Мяркую, што Саша пераможа, і тады будзем ганяцца за Ф’юры, — выказваецца Уладзімір Задзіран, першы і нязменны трэнер Усцінава. — Саша цяпер у лепшай форме, чым калі яму было 30 гадоў”. 

Луіс Орціс

 

Пад якім сцягам Усцінаў будзе біцца за пояс?

Да 25 гадоў Аляксандра нічога не звязвала ні з Беларуссю, ні з прафесійным спортам. Ён служыў у расійскім АМАПе і нават паспеў паваяваць у Чачні. Усё змянілася, калі Усцінаў сустрэўся ў Новасібірску з топавым беларускім трэнерам Уладзімірам Задзіранам.

Усцінаў пераехаў у Мінск і з нуля ўжо праз год стаў чэмпіёнам свету па муай-тай. Выдатна ён выступаў і на прафесійным кікбаксёрскім рынгу.  Аляксандр вельмі шмат перамагаў, але яго байцоўская манера не была відовішчнай. Таму прамоўтары пазбягалі мінскага гіганта і не рабілі яму вялікіх баёў. У выніку Задзіран і Усцінаў прынялі рашэнне перайсці ў прафесійны бокс.

Паралельна баец наладжваў у Беларусі цывільнае жыццё. Скончыў тут універсітэт, набыў кватэру, ажаніўся.

“Аднойчы прыехаў да бацькоў на Алтай і кажу: “Баця, мне прыйшоў час ехаць дадому”. Ён мне кажа: “Саша, твой дом тут”. Я кажу: “Баця, напэўна, не. Мой дом ужо там”. Усе веды ў адзінаборствах, усе свае ўменні я атрымаў ад майго легендарнага беларускага трэнера”, — разважае Усцінаў на тэму Радзімы.

Збольшага і выступаў Аляксандр пад беларускім сцягам. Але, перайшоўшы да расійскага прамоўтара Хрунова, стаў часцей выходзіць на рынг пад расійскім трыкалорам. Такія ўмовы дыктуе бізнэс. Ды і адмаўляць расійскае паходжанне байца — бессэнсоўна.

“Беларуская дзяржава так і не зрабіла нічога для Аляксандра Усцінава. Столькі гадоў выступаем на высокім узроўні, але няма ніякіх прыхільных праяваў ні з боку ўлады, ні з боку прэсы. Напэўна, Усцінаў у Беларусі нікому не патрэбны? Такое ўражанне, што ў нашым боксе алімпійскія чэмпіёны натоўпамі ходзяць. Напэўна, разбэсцілі наш народ чэмпіёнамі, таму на Аляксандра Усцінава і не звяртаюць увагі”, — выказвае меркаванне трэнер Уладзімір Задзіран. Пакуль беларускія спартовыя чыноўнікі ігнаравалі Усцінава, расійскія — з задавальненнем далі яму званне Заслужанага майстра спорту.

Карацей, пад якім бы сцягам мінскі гігант ні выйшаў у рынг, гэта свой чалавек. Прамоўтар Уладзімір Хруноў у гутарцы з Еўрарадыё таксама адзначыў, што калі бой Усцінаў—Орціс адбудзецца ў Мінску, то баец выйдзе пад беларускім сцягам і пад беларускі гімн.

Фота bootenko.com, steroid.com, badculture.net

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі