Максім Рыжанкоў / БЕЛТА
На першай сустрэчы Рады міру ў Вашынгтоне 19 лютага прадстаўніка Беларусі не будзе. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ад афіцыйных амерыканскіх крыніц.
Чакаецца, што ў працы Рады міру возьмуць удзел каля двух дзясяткаў краін. Ужо дакладна вядома, што сярод іх не будзе сябраў Савета бяспекі ААН — Кітая, Расіі ды Францыі. Еўрасаюз на першым пасяджэнні Рады міру будзе прысутнічаць у якасці назіральніка, як і шэраг уплывовых дзяржаваў Еўропы.
Аляксандр Лукашэнка атрымаў запрашэнне, але заявіў, што не паедзе. Яго прэс-служба спаслалася на загружаны графік і складанасці з лагістыкай, выкліканыя еўрапейскімі санкцыямі. Прадстаўляць Беларусь на першай сустрэчы лідараў Рады міру меўся міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў.
Пра Стварэнне Рады міру прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў у студзені на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Гэты орган павінен спрыяць развязанню глабальных канфліктаў. Спярша абвяшчалася, што яна будзе займацца маніторынгам мірнага працэсу ў Газе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут