Міністр ЕЭК хоча, каб урад РФ адклікаў рашэнне па беларускай малочнай прадукцыі

06/06/2018 - 13:43

Пратэст супраць рашэння Рассельгаснагляду, якое абмежавала экспарт беларускай малочнай прадукцыі, выказаў чалец Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Валерый Карашкоў. Ён  накіраваў ва ўрад Расіі зварот, у якім заявіў пра неабходнасць адклікаць рашэнне Рассельгаснагляду. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла крыніца ў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Як паведамлялася раней, расійскае ведамства рэзка абмежавала пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі з 6 чэрвеня. 

На думку Карашкова, гэтыя абмежаванні парушаюць пункт 5 артыкула 58 раздзела 11 Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Паводле гэтага дакумента, дзяржавы — чальцы ЕАЭС маюць права ўводзіць часовыя ветэрынарныя або ветэрынарна-санітарныя меры толькі тады, калі ёсць пагроза па эпізаатычным дабрабыце тэрыторыі краіны.

Свой зварот Карашкоў адрасаваў першаму віцэ-прэм'еру — міністру фінансаў Расіі Антону Сілуанаву, віцэ-прэм'еру Аляксею Гардзееву і міністру сельскай гаспадаркі Дзмітрыю Патрушаву.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі