Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) назвала ўспышкі ліхаманкі Зіка пагрозай сусветнага маштабу і абвясціла рэжым надзвычайнага становішча.
“Пасля разгляду ўсіх фактаў камітэт прыйшоў да высновы, што прычыны, якія выклікаюць мікрацэфалію і іншыя неўралагічныя разлады, уяўляюць сабой экстраардынарную сітуацыю і пагрозу для здароўя людзей ва ўсіх частках свету, — цытуе заяву кіраўніцы СААЗ Маргарэт Чэнь Euronews. — Неабходна каардынаваць міжнародныя намаганні, каб звесці да мінімуму пагрозу ў краінах, якія ўжо пацярпелі, і паменшыць рызыку далейшага распаўсюджвання віруса па планеце”.
Вірус Зіка пераносіцца камарамі і часта праходзіць без сімптомаў, рэдка выклікае высокую тэмпературу. Навукоўцы падазраюць, што ён прыводзіць да складаных неўралагічных разладаў у плоду падчас цяжарнасці, такіх як мікрацэфалія — недаразвітасць мозгу ў немаўлятаў, а таксама ў рэдкіх выпадках полірадыкуланеўрыт (вострае захворванне перыферыйнай нервовай сістэмы).
Вакцыны супраць віруса пакуль не існуе. Адзіны спосаб абароны — пазбягаць укусаў камароў.
У цяперашні час вірус распаўсюдзіўся ў 21 краіне амерыканскага рэгіёна. Больш за ўсё — у Бразіліі, дзе выявілі каля 4 тысяч выпадкаў мікрацэфаліі ў дзяцей, а таксама ў Гандурасе. Некалькі хворых зафіксавана ў краінах Еўрасаюза. Паводле ацэнак экспертаў, вірусам Зіка сёлета могуць заразіцца ад 3 да 4 мільёнаў чалавек у Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы.
Жыхарам Беларусі вірус Зіка не пагражае, запэўнівае Еўрарадыё намесніца начальніка аддзела гігіены і эпідэміялогіі Мінздароўя Іна Карабан.
“Завозы віруса могуць быць, таму што людзі туды лётаюць. Але перадачы ад чалавека да чалавека няма. Перадаваць вірус можа толькі пэўны від камара, але ў Беларусі такіх камароў няма. Беларусь не мае кліматычных умоваў для іх жыццядзейнасці”, — тлумачыць прадстаўніца Мінздароўя.
Вірус пераносяць камары некалькіх відаў роду Aedes, такія як Aedes aegypti, і дрэвавыя камары. Найбліжэйшыя месцы, дзе яны сустракаюцца, — Грэцыя, Турцыя, Іспанія, краіны Каўказскага рэгіёна.
Паколькі ад чалавека да чалавека Зіка не перадаецца, медыкі сцвярджаюць: не трэба баяцца, што беларускія спартоўцы могуць прывезці вірус з Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра. Арганізатары Гульняў адзначаюць, што эпідэмія не ўяўляе небяспекі для атлетаў і гледачоў, за выключэннем цяжарных жанчын.