Мінгарвыканкам зарэгістраваў юрыдычны адрас беларускамоўнага ўніверсітэта

27/09/2017 - 11:22

Мінгарвыканкам зарэгістраваў юрыдычны адрас будучага беларускамоўнага ўніверсітэта. Пакуль ён з’яўляецца структурным падзраздзяленнем ТБМ, мае назву “Універсітэт “Альбарутэнія”. Офіс знаходзіцца на вуліцы Шчарбакова, 32 у Партызанскім раёне сталіцы. Днямі туды завязуць мэблю і павесяць шыльду. Функцыі рэктара выконвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. “Калі ўлада не бачыць патрэбы ствараць дзяржаўны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, мы хочам стварыць прыватны аналаг”, — цытуе яго словы Радыё Свабода.

Мяркуецца, што асноўныя факультэты будучага ўніверсітэта будуць гуманітарнага кірунку. Аднак можа з’явіцца і факультэт “”ІТ-тэхналогій”. Трусаў кажа, што на першым этапе будзе невялікая колькасць студэнтаў. Стаіць задача пасля атрымання дазволу на адукацыйную дзейнасць падрыхтаваць “беларускамоўных выкладчыкаў новага светапогляду — з еўрапейскім поглядам на адукацыю”. Алег Трусаў адзначыў, што ўжо цяпер у аргкамітэце ёсць “нямала былых выкладчыкаў ЕГУ”.

Старшыня ТБМ спадзяецца, што ў выпадку, калі будзе запушчаны прыватны праект, магчыма, і дзяржава створыць Нацыянальны дзяржаўны ўніверсітэт.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі