Мінадукацыі: заняткі ў студэнтаў будуць пачынацца ў 9:30 — 10:00

20/03/2020 - 13:33

Заняткі ў студэнтаў ВНУ па ўсёй Беларусі будуць пачынацца ў 9:30 — 10:00. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства адукацыі, паведамляецца ў тэлеграм-канале ведамства. 

Пра неабходнасць скарэктаваць час заняткаў у студэнтаў заявіў на нарадзе 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка. Яна прысвячалася барацьбе з распаўсюдам каранавіруса. "Хай студэнты трошкі пазней пачынаюць заняткі ва ўніверсітэтах, яны будуць пазней ехаць на грамадскім транспарце, калі асноўны паток працоўных патрапіць на свае прадпрыемствы. Гэта нават будзе зручней і для горада", — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. 

Прэс-служба Мінадукацыі паведаміла, што перад прыняццем такога рашэння быў праведзены дэталёвы аналіз: прымалася пад увагу месцазнаходжанне навучальных карпусоў, а таксама месца пражывання студэнтаў.

Таксама ўніверсітэты арганізавалі неабходныя часовыя перапынкі паміж першай і другой зменамі навучання. 

Змена закранула студэнтаў не толькі Мінска, але і ўсіх гарадоў, дзе ёсць установы вышэйшай адукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі