Міліцыянер двойчы стрэліў у хлопца, таму ампутавалі нагу

05/11/2020 - 13:42
Арцём Ягадка, які атрымаў агнястрэльнае раненне / "Інстаграм"

24 кастрычніка ў вёсцы Дуброўка Ушацкага раёна міліцыянеры ўжылі табельную зброю. 32-гадовы Арцём Ягадка атрымаў дзве кулі ў нагу. З агнястрэльнымі раненнямі мужчыну даставілі ва ўшацкую бальніцу, а потым у Мінск, дзе нагу давялося ампутаваць.

Чаму стралялі? Паводле версіі МУС, "трое п'яных мужчын стаялі на праезнай частцы, калі да іх пад'ехаў патрульны нарад ДАІ. На просьбу адысці з дарогі кампанія адказала агрэсіяй.

Падчас затрымання правапарушальнікі аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі завалодаць табельнай зброяй міліцыянера. Яны праігнаравалі неаднаразовыя патрабаванні спыніць бойку, таму інспектару давялося страляць: спачатку ў паветра, а пасля — па нагах аднаго з нападнікаў".

Мама пацярпелага расказала Еўрарадыё сваю версію таго, што адбылося

— Пасля стральбы яго пакінулі ва Ушачах, там ён ляжаў да пяці гадзін раніцы без усякай дапамогі. Як мне сказалі людзі, якія ляжалі там у бальніцы, ён быў прыкаваны кайданкамі да ложка і крычаў на ўсю бальніцу. Яго ахоўвалі два міліцыянеры. Куды ён уцячэ, падстрэлены, калі яму два разы стрэлілі ў нагу? Днём прыехалі віцебскія дактары, але яны ж не спецыялісты па агнястрэльных раненнях. Чаму адразу не адправілі чалавека ў шпіталь?

Магчыма, менавіта праз "лішнія" гадзіны, праведзеныя ў бальніцы ва Ушачах, здаровы 32-гадовы хлопец, заўзяты паляўнічы і рыбак, і застаўся без нагі.

— Доктар, які аперыраваў Арцёма, сказаў мне: "Мы ратуем яму жыццё. Да нас позна звярнуліся па дапамогу, а ва ўшацкай бальніцы яму аказалі некваліфікаваную дапамогу. Тканкі адмерлі, кроў не паступала, пачаўся сепсіс. Таму адымаем яму нагу". Восем дзён ён быў у коме. Цяпер ён знаходзіцца ў Мінску ў Галоўным ваенным шпіталі, — працягвае мама Арцёма. — Хірург мне сказаў, што яму пашкодзілі падкаленную артэрыю,  разбіты ўсе судзіны. І пры гэтым яго ахоўвала міліцыя. А здагадацца выклікаць мінскіх дактароў ці кагосьці яшчэ — на гэта ў іх розуму не хапіла...

“Быў, на жаль, такі пэўны збег абставін"

Выканаўца абавязкаў галоўнага доктара Ушацкай ЦРБ Аляксандр Паншын катэгарычна не згодны з тым, што дапамогі хлопцу не аказвалі. На пытанне пра тое, ці была гэтая дапамога кваліфікаванай, Аляксандр адказвае, што ва ўсім разбяруцца эксперты і суд:

— Я думаю, па гэтым факце будзе разбор. І наконт супрацоўнікаў РАУС, і наконт аказання медыцынскай дапамогі. Гэта будуць вырашаць спецыялісты. Тое, што дапамога не аказвалася, — няпраўда.

Дык чаму пацыента з агнястрэльным адразу не аддалі спецыялістам у Мінск?

— Адразу ў Мінск мужчыну не адвезлі таму, што ёсць супрацьпаказанні для транспартавання. У кожным выпадку неабходна аказаць першую медыцынскую дапамогу, а потым ужо вырашаць пытанне пра перавод. Пасля аказання першаснай дапамогі да яго былі запрошаныя спецыялісты абласнога ўзроўню, якія выконвалі аператыўнае ўмяшанне.

Быў, на жаль, такі пэўны збег абставін. Расказ мамы ў інтэрв'ю пра тое, што ён ляжаў без дапамогі да пяці раніцы, — гэта абсалютная няпраўда.

Дапамогу Арцёму аказалі, але ці была яна адпаведнай гэтай сітуацыі? І ці ёсць неабходная падрыхтоўка ў медыкаў з Ушацкай ЦРБ?

— Любы медык у стане аказаць дапамогу, але ў пэўнай ступені, — адказвае Аляксандр Паншын.

"Арцём два разы падымаў рукі ўгору"

Таго, што ў іх быў канфлікт з міліцыяй, сваякі Арцёма не адмаўляюць. Але лічаць, што падстаў прымяняць табельную зброю не было.

— Вёска, глухая вуліца. Падпітыя мужыкі ішлі дадому з гасцей. Да дома заставалася 50 метраў. І трэба было спыніцца ДАІ ў гэты момант! Не ведаю, што ў іх там былі за размовы з інспектарам Каўбасавым, але слова за слова, падумалі, што хочуць затрымаць, — расказвае маці Арцёма. — Пачалі лаяцца. Калі я прыйшла, муж са старэйшым сынам ляжалі на зямлі, ім у вочы пырснулі газавым балончыкам. На мужа надзелі кайданкі і паклалі яго ў машыну, а Сяргей [старэйшы брат пацярпелага. — Еўрарадыё] сеў у машыну сам.

У гэты час малодшы сын, Арцём, прыбег на шум стрэлаў, сказаў: "Пусціце мяне да брата, дайце мне з ім пагаварыць". Міліцыянер не пускаў, сказаў: "Адыдзіце ад машыны". Арцём два разы падымаў рукі ўгору для таго, каб паказаць, што нічога ў руках няма. Ён [праваахоўнік. — Еўрарадыё] яму зрабіў нейкі прыём, закруціў руку. Арцём упаў на бок, і па ім стрэлілі. Арцём крычаў: "Нага, нага!", а ён яшчэ раз стрэліў па ім. Пры мне міліцыянеры стралялі ў паветра два разы — супрацоўнік убачыў, што людзі на яго крычаць, і два разы стрэліў у паветра.

Міліцыянер не выклікаў доктара, зачыніўся ў машыне і там сядзеў. Пашанцавала, што прыйшла суседка, яна фельчарка. Яна аказала сыну першую дапамогу і выклікала хуткую.

Мяркуючы па актыўнасці Арцёма ў сацсетках, ён і сам любіць пастраляць — але выключна на паляванні / Еўрарадыё

Мама Арцёма не можа зразумець: навошта страляць у бяззбройнага чалавека?

— Я разумею — вінаватыя тыя, іх карайце. Але Арцём жа нічога не рабіў, ён падымаў рукі ўгору. Навошта вы стралялі ў чалавека?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі