Дом, у якім жыве Мікалай Статкевіч / фота з яго тэлеграм-канала
Мікалай Статкевіч апублікаваў здымак дома, у якім ён цяпер жыве.
Дом у мінскай Лошыцы, дзе ён жыў з жонкай, напярэдадні знеслі. Экс-палітвязень напісаў, што ўлады распаўсюджвалі чуткі пра яго катэдж у Калодзішчах.
"Таму прызнаюся тут у наяўнасці "катэджа", у які я нядаўна пераехаў замест выдзеленай у сувязі са зносам дома ў Лошыцы гарадской кватэры", — з іроніяй адзначыў ён.
Статкевіч згадвае, што ў гарадскіх кватэрах цяпер забаранілі трымаць больш за двух гадаванцаў, а яму не хочацца выкідаць на вуліцу сабак і катоў, якія жылі ў іх доме ў Лошыцы.
"Таму вырашыў пераехаць у пакуль двухузроўневы "катэдж з камінам" у вёсцы. Праўда, там 20 гадоў ніхто не жыў. Прыйшлося доўга яго высушваць. На фотах ніжэй той катэдж, якім я пабачыў яго ў сёлетнім сакавіку. Цяпер працягваем даводзіць яго да ладу. Дровы на зіму ўжо набылі. І сабакі тут не лішнія. Не дарэмна ж напярэдадні перасялення доблесныя "службы" ледзь не цэлую спецаперацыю праводзілі, каб іх выкрасці", — піша экс-палітвязень.
Ён адзначае, што жыве ў вёсцы недалёка ад Мінска, куды рэгулярна ходзіць транспарт. Паводле Статкевіча, ні дом, ні ўся маёмасць яму не належаць, таму судовыя выканаўцы могуць не прыязджаць, каб апісаць яе.
Таксама экс-палітвязень перасцерагае спецслужбы, каб не думалі імітаваць ягонае самагубства: "Я па-ранейшаму вельмі люблю жыццё, прыроду і сваіх блізкіх і не магу нават уявіць ніякай нагоды, каб памяняць сваё стаўленне да ўсяго гэтага. Да таго ж прывык даводзіць свае справы да канца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут