Мікалай Ладуцька падаў заяву на банкруцтва "Мотавела"

22/06/2017 - 10:54

Гендырэктар мотавелазавода Мікалай Ладуцька падаў у Эканамічны суд Мінска заяву, каб ААТ "Мотавела" прызналі эканамічна неплацежаздольным (банкрутам), паведамляе tut.by

У сваёй заяве былы кіраўнік Мінгарвыканкама і цяперашні кіраўнік завода піша: "Даўжнік працуе са стратамі, неплацежаздольнасць набывае ўстойлівы характар, грашовыя паступлення не дазваляюць у вызначаныя тэрміны выконваць плацежныя абавязанні і абавязацельствы, якія вынікаюць з працоўных i звязаных з iмi адносiн".

Паводле бухгалтарскага балансу па стане на 30 красавіка, кошт актываў "Мотавела" складае 60 млн рублёў. Страты за I квартал гэтага года склалі амаль 350 тысяч рублёў. Страты за 2016 год — 7,5 млн рублёў.

Паведамляецца, што "Мотавела" мае даўгі перад сямю банкамі, у тым ліку ў шасці з іх — заклады і паручыцельствы па абавязаннях трэціх асоб. Уласныя абавязанні — у адным банку на агульную суму 28,2 млн долараў. У закладзе ў банкаў знаходзіцца таксама нерухомасць завода прыкладна на 88 млн долараў. 

Сума патрабаванняў крэдытораў па абавязаннях, забяспечаных маёмасцю "Мотавела", складае 61,3 млн долараў, або 187% кошту актываў. Па грашовых абавязаннях крэдыторы патрабуюць 59,3 млн рублёў.

Акрамя пазык перад банкамі "Мотавела" мае абавязанні перад бюджэтам і супрацоўнікамі — агулам на 700 тысяч рублёў.

У заяве гаворыцца, што 99,88% акцый "Мотавела" ўжо належыць Дзяржкамітэту па маёмасці. Кантрольны пакет акцыяў быў канфіскаваны на карысць дзяржавы пасля таго, як у студзені 2017 года асноўнага ўладальніка кампаніі Аляксандра Мураўёва асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі