Мігранты спрабавалі зацягнуць у Беларусь літоўскага памежніка — СМІ

14/08/2026 - 11:07

Тунэль на беларуска-літоўскай мяжы / vsat.lrv.lt

Падчас сутычкі з мігрантамі, якія спрабавалі трапіць у Літву з Беларусі, быў паранены памежнік. Яго спрабавалі зацягнуць у Беларусь, піша выданне lrytas.lt са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Афіцыйна Служба аховы дзяржаўная мяжы Літвы паведаміла, што 26 ліпеня выявілі тунэль, які мігранты спрабавалі пракапаць пад агароджай. Пазней у СМІ з'явіліся звесткі, што паміж памежнікамі і мігрантамі адбылася сутычка. Літоўцы затрымалі некалькіх парушальнікаў мяжы, але потым з тунэлю выйшлі яшчэ 20 чалавек і адбілі таварышаў. Пасля гэтага ўся група ўцякла назад у Беларусь.

Lrytas піша, што сутычка мела больш сур'ёзны характар, чым паведамлялася раней. Мігранты спрабавалі зацягнуць на тэрыторыю Беларусі аднаго з памежнікаў. Ён здолеў адбіцца, але атрымаў раненне і трапіў у шпіталь.

Пра тое, што адзін з удзельнікаў сутычкі знаходзіцца на бальнічным, журналістам пацвердзіў старшыня прафсаюза работнікаў следчых органаў Віленскай акругі Віталіюс Ягмінас.

Служачыя ананімна расказалі выданню, што кіраўніцтва памежнай службы ціснула на іх, каб схаваць сапраўдны характар здарэння. У прыватнасці, ім далі інструкцыі, як расказваць пра інцыдэнт.

Прадстаўніца памежнай службы Ліна Лаўрынайціце адмовілася каментаваць новую інфармацыю, спаслаўшыся на таямніцу следства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі