Месяц да выбараў у ЗША: хто перамагае па апытаннях — Харыс ці Трамп?

05/10/2024 - 13:01

Абодва кандыдаты ідуць "ноздра ў ноздру" / euroradio.fm/Getty

Да выбараў прэзідэнта ЗША застаўся роўна месяц — яны пройдуць 5 лістапада 2024-га. Менавіта тады і стане зразумела, хто пераедзе ў Белы дом — рэспубліканец і экс-прэзідэнт Дональд Трамп або дзеючая віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс.

Еўрарадыё паглядзела, што паказваюць апытанні грамадскай думкі і каго лічаць верагодным пераможцам выбараў букмекеры.

Па апытаннях грамадскай думкі Харыс і Трамп ідуць літаральна "ноздра ў ноздру". Як паказвае праект Fivethirtyeight, у сярэднім у нацыянальных апытаннях Камала Харыс цяпер наперадзе на 2,5%: за яе гатовыя прагаласаваць 48,4%, а за Трампа — 45,9%. Аднак выбарчая сістэма ў ЗША арганізаваная інакш: трэба атрымаць не больш галасоў па ўсёй краіне, а больш за 270 галасоў "выбаршчыкаў" ад штатаў.

Галоўную ролю тут гуляюць "вагальныя штаты", у першую чаргу Пенсільванія. У апытаннях у гэтым штаце таксама лідзіруе Харыс, але ў сярэднім на 0,8% — гэта ў рамках статыстычнай хібнасці.

Той жа праект на аснове аналізу вынікаў апытанняў пралічвае розныя сцэнары вынікаў выбараў у ЗША. Па дадзеных на 5 кастрычніка, Камала Харыс перамагае ў 542 сцэнары з 1001, а Дональд Трамп — у 455. Гэта значыць шанцы на сёння — 54 да 45. Ёсць нават верагоднасць "нічыёй".

Букмекеры сёння таксама ставяць часцей на Камалу Харыс, хоць розніца з Дональдам Трампам не такая вялікая. Паводле звестак Real Clear, у сярэднім шанец перамогі дэмакраткі — 49,9%, а рэспубліканца — 48,9%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі