Медыкі 1-й гарадской клінікі Мінска выйшлі ў ланцуг салідарнасці

13/08/2020 - 08:19

На акцыю салідарнасці зранку 12 жніўня выйшлі медыкі 1-й гарадской клінікі Мінска. Жывы ланцуг, у якім было некалькі дзясяткаў чалавек, стаў каля клінікі на праспекце Незалежнасці. 

У каментары Еўрарадыё адна з удзельніц патлумачыла свой учынак так: "Таму што нашыя правы былі парушаныя. Таму што нашых схапілі ўчора. Таму што мы за свабодныя выбары — за нашу шчаслівую будучыню і будучыню нашых дзяцей. І за тое, каб спыніць насілле"

Іншая ўдзельніца дадала: "Мы супраць крыві, супраць насілля. Мы за жыццё".

Ланцуг салідарнасці медыкаў прайшоў напярэдадні ўвечары каля Медуніверсітэта на праспекце Дзяржынскага. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік ужо асудзіў гэтую акцыю і назваў яе "выразна зрэжысіраваным мерапрыемствам", якое "спрабуюць выдаць за стыхійную акцыю пратэсту медыкаў".

Еўрарадыё пацікавілася сёння ва ўдзельнікаў ланцуга салідарнасці, што яны думаюць пра гэтае выказванне. "Гэта асабістае меркаванне міністра. Мы яго не асуджаем. Але нашае меркаванне такое", — адказаў адзін з медыкаў.

Праз пэўны час медыкі склалі каля дарогі кветкі, якія трымалі ў руках, і вярнуліся ў клініку. 

Ланцуг салідарнасці медыкаў на праспекце Незалежнасці / Еўрарадыё
Ланцуг салідарнасці медыкаў на праспекце Незалежнасці / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі