Мазырскі НПЗ да канца года падлічыць страты ад паставак бруднай нафты

26/09/2019 - 15:19

Да канца года Мазырскі НПЗ вызначыць памер стратаў ад паставак бруднай нафты. Пра гэта журналістам заявіў намеснік гендырэктара прадпрыемства Алег Пратасаў, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, перамовы з расійскім бокам яшчэ працягваюцца. "Пасля капітальнага рамонту будзе праведзена дадатковая ацэнка наступстваў перапрацоўкі забруджанай нафты. Гэта будзе бліжэй да канца года", — удакладніў Пратасаў. Акрамя таго, на прадпрыемстве пралічаць і ўскосныя выдаткі.

Намеснік гендырэктара дадаў, што па выніках года аб'ём перапрацоўкі нафты захаваецца практычна на леташнім узроўні. Па прагнозах, гэта будзе крыху больш за 9,8 мільёна тон. У 2018 годзе Мазырскі НПЗ перапрацаваў амаль 10 мільёнаў тон.

Аб праблемах з пастаўкамі забруджанай нафты з Расіі "Белнафтахім" паведаміў 19 красавіка. Некалькі краін адмовіліся прымаць нафту, якая ішла па нафтаправодзе "Дружба". Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" — вымушаны былі знізіць загрузку і панеслі страты. Таксама паведамлялася, што шкода была прычыненая трубаправоднай сістэме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі