Ілан Маск, бізнесмен / Gonzalo Fuentes / REUTERS/ File Photo
Ілан Маск прызнаў, што яго кампанія SpaceX абмяжоўвала доступ да інтэрнэту Starlink ва Украіне. Раней ён адмаўляў наўмыснае абмежаванне доступу Украіны да спадарожнікавай сувязі Starlink.
Мільярдэр абвінаваціў Кіеў у парушэнні ўмоваў прадастаўлення паслуг.
"Выкарыстанне Starlink, грамадзянскай камерцыйнай службы, для нанясення ўдараў беспілотнікамі з мэтай забойства людзей ніколі не дазвалялася і не павінна дазваляцца", — напісаў Маск у суботу ў сацсетцы X.
Пазней ён напісаў, што Starlink нельга выкарыстоўваць "для адназначна наступальных удараў". Верагодна, маюцца на ўвазе атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на расійскія НПЗ.
Кіеў афіцыйна не каментаваў гэту заяву Маска, аднак дарадца прэзідэнта Украіны Сяргей Бескростнаў назваў яе "вельмі дзіўнай".
Ён напісаў, што тэрміналы Starlink, якія працуюць на тэрыторыі Украіны, маюць абмежаванне хуткасці 70–90 км/г і не працуюць на тэрыторыі Расіі.
"Таму мы фізічна не можам выкарыстоўваць камерцыйную сетку Starlink для нанясення ўдараў на вялікія і сярэднія адлегласці, — сказаў ён. — Вельмі дзіўна, што Ілан Маск не ведае пра абмежаванні Starlink ва Украіне".
Міністэрства абароны Украіны пакуль не пракаментавала сітуацыю.
Пра праблему са сувяззю ўпершыню стала вядома на мінулым тыдні. Спачатку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмаўляў сваю датычнасць да гэтага, але пазней заявіў, што загадаў Маску вярнуць доступ да інтэрнэту Starlink для Кіева.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут