Марыя Калеснікава / facebook.com/maria.kalesnikava
Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава плануе вярнуцца на музычную сцэну ўпершыню пасля вызвалення з турмы.
9 красавіка ў яе запланаваны выступ у берлінскім культурным цэнтры Radialsystem, заўважыла Радыё Свабода.
Артыстка паведаміла, што будзе граць на флейце і "шмат гаварыць пра свабоду" ў сваім выступе з песняй "#freemaria". Такі хэштэг ужываўся ў допісах з заклікамі да яе вызвалення.
Калеснікава ўваходзіла ў выбарчы штаб Віктара Бабарыкі ў 2020-м, а потым — у аб'яднаны штаб, была адной з лідарак масавых пратэстаў пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў. У верасні 2020-га яе схапілі на вуліцы і арыштавалі. Пры спробе вывазу за мяжу Марыя парвала пашпарт і засталася ў Беларусі, дзе ёй прысудзілі вялізны тэрмін пазбаўлення волі. У зняволенні яна правяла больш за два гады ў адзіночнай камеры без кантакту з роднымі.
У снежні 2025-га яе вызвалілі разам з іншымі палітвязнямі і выслалі за межы Беларусі. Цяпер Калеснікава жыве ў Берліне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут