Фота: belarus.by
Райвыканкамы пачалі вызначаць аператараў, якія заменяць (а дакладней, дапоўняць) прыватных маршрутчыкаў якія займаліся міжгароднімі перавозкамі. Рашэнні аб гэтым публікуе Нацыянальны прававы партал. І трэба ж такому здарыцца, усе вылучаныя аператары — дзяржаўныя.
Практычна гэта азначае, што дзяржава ўсталёўвае манаполію на міжгароднія перавозкі. Еўрарадыё стэлефанавалася з прадстаўнікамі аператараў, каб даведацца, як яны бачаць гэты бізнес, ці будуць дапускаць да перавозак іпэшнікаў і ці захаваюць зручнае для пасажыраў браніраванне месцаў па тэлефоне.
"Закон аб аўтамабільным транспарце заўсёды меў на ўвазе аператара. Раней яго функцыі выконваў "Мінаблаўтатранс", — распавёў намеснік дырэктара цяперашняга аператара "Мінаблпасажыртранс" Вадзім Дылько. — Адзінае змяненне — цяпер аператар не мае права займацца адначасова двума відамі дзейнасці. У мяне няма ні адной сваёй машыны, ніводнага аўтобуса. Любы чалавек можа заключыць з намі дагавор, калі хоча займацца рэгулярнымі перавозкамі. Затым правядзём конкурс у адкрытых, роўных для ўсіх умовах".
Пра тое, колькі прыватных маршрутчыкаў ўжо звярнулася да аператара, намеснік дырэктара не расказвае, спасылаючыся на тое, што гэта закрытая інфармацыя. А вось у Гомелі нам расказалі пра ўсё.
З 26 лютага ў Беларусі пачалі дзейнічаць змены, унесеныя ў закон "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках". Змененыя правілы міжгародніх маршрутак. Калі раней маршрутка магла збіраць і развозіць пасажыраў па адвольным маршруце, цяпер ад перавозчыкаў патрабуюць адпраўляцца з аўтавакзала (або іншага устаноўленага пункта), мець зацверджаныя графік і маршрут (прыпынкі павінны быць толькі ў пэўных месцах). Адсюль у іх з'яўляюцца новыя выдаткі: напрыклад, трэба будзе заплаціць аўтавакзалу.
"Мы працягваем атрымліваць заявы ад перавозчыкаў, якія жадаюць працаваць у рэгулярных зносінах, — расказвае намеснік дырэктара "Гомельаблпасажыртранса" Аксана Дайнэка. — Распрацоўваем схемы і расклад руху. Некалькі перавозчыкаў ўжо пачалі вазіць пасажыраў. Мы плануем правесці конкурсы на гэтыя маршруты".
Зарэгістравацца, прапрацаваць тры месяцы, выйграць конкурс — вось ўмова, якую паставілі прыватным маршрутчыкам, каб можна было працаваць далей. Менавіта яна стала адной з прычын, па якіх вадзіцелі прыватных маршрутак не захацелі ісці на повадзе ў дзяржавы. Маўляў, калі ўсе прыватнікі прыйдуць "пад вакзал", ім банальна не хопіць месца. Каго пакінуць, будзе вырашаць аператар. Астатнія застануцца без працы.
У "Гомельаблпасажыртрансе" адзначаюць, што да іх звярнулася ўжо 13 перавозчыкаў, якія маюць намер вазіць пасажыраў па 12 маршрутах на рэгулярнай аснове. Сярод іх ёсць перавозчык, у парку якога 70 машын.
"Мы распрацоўвалі расклад па чатырох напрамках, па якіх ён будзе працаваць. Гэта "Гомель-Мінск", "Мазыр-Мінск", "Рэчыца-Мінск", "Рагачоў-Мінск", — адзначае Аксана Дайнэка. — Яшчэ шэсць машын пойдуць па кірунку "Тураў-Мінск", шэсць — "Гомель-Мазыр". Па дамове, перавозчык плаціць аператару за арганізацыю работы з кожнай маршруткай. Для раёнаў Гомельскай вобласці яна складзе 36 рублёў і 5 капеек, для Гомеля — 40 рублёў і 44 капейкі ў месяц. У нас прайшла праверка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання гандлю. Нас прызналі манапалістам на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Нашы цэны задэкларавалі ў міністэрстве".
Зразумелая справа, гэты "падатак на госаператара" прыватны перавозчык перанясе на пасажыраў. Але пры сур'ёзных аб'ёмах перавозак гэта не выкліча істотнага падаражання квіткоў.
"Мы максімальна ўлічвалі пажаданні саміх пасажыраў, якія прасілі нічога не змяняць, захаваць тое, як у іх ужо быў арганізаваны рух, — працягвае намеснік дырэктара "Гомельаблпасажыртранса". — Для іх нічога не павінна змяніцца. Напрыклад, кошт на міжгароднія маршруты фармуецца перавозчыкам самастойна на аснове ўласных выдаткаў. Дзяржава не ўстанаўлівае ніякія гранічныя тарыфы.
Акрамя таго, у Мазыры перажывалі, што можна будзе садзіцца толькі на аўтавакзале. Мазырскі райвыканкам пайшоў насустрач пасажырам: дазволіў ехаць па горадзе і ажыццяўляць пасадку і высадку людзей пры руху на буйных прыпынках".
Таксама ў Гомелі працуюць над тым, каб квіткі можна было заказваць онлайн. Пакуль што дзяржаўны аператар не асіліў гэтую паслугу, якую даўным-даўно рэалізавалі "прыватнікі".
Перавозчыкі, якія працавалі на рэгулярных маршрутах раней, удзельнічаць у конкурсе не абавязаныя. Пасля заканчэння сваіх дамоваў яны проста пададуць заявы на падаўжэнне працы.
Новыя перавозчыкі падаюць аператару заявы на канкрэтны маршрут і перыядычнасць паездак. З улікам іх пажаданняў і перавозчыкаў, якія ўжо працуюць, распрацоўваецца новы расклад і схемы руху. Маршруты будуць выстаўленыя на конкурс праз тры месяцы пасля рэгістрацыі.
"Ёсць яшчэ, вядома, праблемы, — кажа Аксана Дайнэка. — Заявы, якія паступаюць ад перавозчыкаў, намі разглядаюцца ў максімальна кароткія тэрміны, ім выдаецца часовы дазвол на працу. Іншая справа, што не ўсе звярнуліся. Некаторыя працягваюць працаваць у нерэгулярных зносінах па схемах, якія былі ў студзені і лютым. Наколькі я разумею, на дадзены момант Транспартная інспекцыя іх не карае. Магчыма, у іх там таксама нейкі свой план".