МАРГ забараніў пракатчыкам браць пашпарт у заклад

15/07/2021 - 13:19

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявіла парушэнні закону ў публічных дамовах на аказанне паслуг па пракаце сродкаў персанальнай мабільнасці — самакатаў, электрасамакатаў, гіраскутараў, сігвееў, манаколаў і г. д.

У дамовах пазначана, што ў якасці закладу арандатар дае грошы і дакумент. Пасля праверкі стану тэхнікі арандатару вяртаюць заклад і дакумент. 

Але ў адпаведнасці з пунктам 40 Правілаў бытавога абслугоўвання спажыўцоў прадметы пракату могуць выдавацца пад даручальніцтва і (або) заклад ў вызначаным парадку. У прыватнасці, у якасці закладу не можа выкарыстоўвацца дакумент, які сведчыць асобу спажыўца, пасведчанне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Беларусі, пасведчанне аб прадастаўленні дадатковай абароны ў нашай краіне.

У некаторых дамовах пазначана, што за кожны дзень пратэрміноўкі арандатар павінен заплаціць пеню ў 2% ад сумы запазычанасці або пракатчык мае права аштрафаваць на 50 рублёў ці больш (клі запазычанасць перавышае 50 рублёў). 

Пункт 53 Правілаў гаворыць, што за кожны дзень пратэрміноўкі спажывец павінен плаціць 1% ад арэнднай платы.

Інфармацыя пра парушэнні накіраваная ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, каб там прынялі меры. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі