Малайзія ўсё ж такі хоча правесці міжнародны суд па справе збітага "Боінга"

15/10/2015 - 07:04

Малайзія разам з чальцамі сумеснай следчай групы працягне дамагацца стварэння міжнароднага суда, каб пакараць вінаватых у крушэнні "Боінга" на Данбасе. Пра такую заяву міністра транспарту Малайзіі падчас візіту ў Кітай паведамляе РБК.

"Тэхнічнае расследаванне паказала, што MH17 быў збіты ракетай "Бук". Гэта злачынства, і мы павінны даведацца, хто злачынцы", — заявіў міністр. Па яго словах, для каманды з прадстаўнікоў Нідэрландаў, Украіны, Аўстраліі ды Бельгіі, якая будзе дамагацца стварэння міжнароднага суда, зараз ёсць довады ў выглядзе дакладу Савета бяспекі Нідэрландаў.

Нагадаем, што ў ліпені 2015 года ў Савеце бяспекі ААН Расія наклала вета на рэзалюцыю аб стварэнні міжнароднага трыбунала па крушэнні "Боінга".

Даклад Савета бяспекі Нідэрландаў аб крушэнні самалёта каля Данецка быў абнародаваны сёлета 13 кастрычніка. У дакладзе адзначаецца, што самалёт быў збіты ракетай "зямля — ​​паветра" з зенітна-ракетнага комплексу "Бук".

У каментары для прэсы кіраўнік Савета бяспекі Нідэрландаў Т'іб Ёстра заявіў, што "Боінг" на Данбасе быў збіты з тэрыторыі, падкантрольнай сепаратыстам. У сваю чаргу, Расія заявіла, што не давярае высновам галандскіх экспертаў.

Фота: Global Look Press

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі