Макей і Магерыні абмеркавалі будаўніцтва Беларускай АЭС і правы чалавека

31/05/2018 - 17:02

31 траўня ў Бруселі адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і высокага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС, віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі Федэрыкі Магерыні. Як інфармуе прэс-служба Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне, Макей і Магерыні абмеркавалі супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза, у тым ліку ў рамках "Усходняга партнёрства", а таксама "блізкі да завяршальнага стан спраў што да перамоваў па новых, індывідуальна распрацаваных прырытэтах партнёрства". Бакі дамовіліся пра паскарэнне перамоваў па прыярытэтах партнёрства Беларусі і ЕС.

На сустрэчы абмяркоўвалася тэма правоў чалавека і асноўных свабод. Федэрыка Магерыні падкрэсліла, што "рэальныя крокі Беларусі ў накірунку забеспячэння ўсеагульных правоў чалавека... з'яўляюцца ключавымі для фарміравання будучых адносін". У гэтым плане згадвалася і выкарыстанне смяротнага пакарання ў нашай краіне, якое працягваецца, нягледзячы на заклікі ўвесці мараторый. Ад гэтага ў пэўнай ступені будзе залежаць і перспектыва атрымання ад ЕС фінансавай дапамогі. Цікава, што ў паведамленні БЕЛТА пра сустрэчу тэма правоў чалавека і смяротнага пакарання адсутнічае.

У Бруселі абмяркоўвалася і будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне, каля мяжы з Літвой. Гаворка ішла пра "неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва ў пытаннях ядзернай бяспекі".

Магерыні адзначыла, што ЕС "прыхільны забеспячэнню стабільнай, дэмакратычнай і заможнай будучыні Беларусі на карысць яе народа і будзе працягваць працаваць з усімі зацікаўленымі бакамі для дасягнення гэтай мэты". Еўрасаюз пачынае агульнанацыянальную камунікацыйную кампанію, падчас якой будзе засяроджвацца ўвага на станоўчых выніках супрацоўніцтва ЕС і нашай краіны.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі