Макей — Financial Times: Стасункі з ЕС дазволяць Беларусі ўмацаваць незалежнасць

24/10/2017 - 10:44

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей распавёў газеце Financial Times пра тое, як нашая краіна бачыць сваё супрацоўніцтва з іншымі краінамі і рэгіёнамі свету. Вытрымкі з інтэрв'ю можна прачытаць на сайце агенцтва БЕЛТА, а ўвесь артыкул пра Беларусь — на сайце FT па гэтай спасылцы.

Па словах чыноўніка, Беларусь імкнецца праводзіць незалежную палітыку:

"Мы не хочам залежыць ад каго б там ні было — Вашынгтон гэта, Брусэль ці Масква. Мы ўсяго толькі хочам праводзіць сапраўды незалежную палітыку. У гэтым кантэксце нашым інтарэсам адпавядае дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных адносін, і ЕС грае важную ролю ў нашых планах", — цытуе міністра БЕЛТА. 

У той жа час, менавіта Еўрасаюз разглядаецца Беларуссю як саюзнік, стасункі з якім "дазволяць Беларусі ўмацаваць сваю палітычную незалежнасць". Незалежнасць ад каго? Макей канкрэтызаваць не стаў.

Financial Times — адно з самых уплывовых дзелавых выданняў свету. Газета заснаваная ў Лондане ў 1888 годзе. Апошнія гады папяровы наклад FT падае. Сёння ён складае каля 365 тысяч экземпляраў, а агульная аўдыторыя газеты — некалькі мільёнаў чытачоў. 

Развіваючы тэму кантактаў з Еўрасаюзам, Уладзімір Макей заявіў пра неабходнасць стварыць сучасную прававую аснову для супрацоўніцтва. Сёння ж, па словах міністра, узаемадзеянне паміж Беларуссю і ЕС ажыццяўляецца на аснове пагаднення паміж СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю ад 1989 года.

"Нам патрэбны канкрэтны асноватворны дакумент", — сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. 

Адначасова ён адзначыў важнасць паступальнага і эвалюцыйнага падыходу да тых ці іншых трансфармацый: "Відавочна, што немагчыма "заснуць" у таталітарным Савецкім Саюзе і "прачнуцца" ў стоадсоткава дэмакратычнай дзяржаве. Гэта нерэальна".

Дыверсіфікаваць адносіны з партнёрамі і ўмацаваць палітычную незалежнасць дапамагае Беларусі і супрацоўніцтва з Кітаем. Але Расія, як падкрэсліў Уладзімір Макей, "безумоўна, застаецца стратэгічным партнёрам Беларусі".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі