Колькі каштуе паехаць спадарожнікам з Мінска ў Вільню
Праз скарачэнне колькасці аўтобусных рэйсаў у Літву беларусы вымушаныя пераплочваць, каб дабрацца з Вільні ў Мінск і наадварот.
Купіць білеты на аўтобус у абодва бакі стала значна складаней: напрыклад, да канца жніўня ўсё распрададзена. Але застаецца варыянт — ехаць са спадарожнікамі. Праўда, цяпер гэта каштуе нямала грошай.
Цяпер у памежных чатах асаблівая актыўнасць: беларусы кінуліся шукаць сабе папутку ў Літву. У параўнанні з тым, што было месяц таму, такіх запытаў стала ў разы больш: у адным з чатаў кожную гадзіну з'яўляецца некалькі дзясяткаў паведамленняў з пытаннямі, з кім можна перасекчы мяжу.
Журналіст Еўрарадыё пад выглядам звычайнага пасажыра запытаўся пра кошт паездкі. Адказ — 50 еўра (больш за 150 беларускіх рублёў).
— А можаце падказаць, колькі ў сярэднім за гэта просяць? Каб арыентавацца.
— Усе па-рознаму, глядзячы ў каго якое аўто.
— Ну, у сярэднім, ад 50 еўра?
— Так.
Кацярына, якая шукала, каго можна падвезці з Вільні ў Мінск, таксама распавяла, што возьме чалавека за 50 еўра.
А яшчэ адзін кіроўца, Дзмітрый, кажа, што бярэ столькі ж, колькі каштуе білет на аўтобус (ад 239 да 322 рублёў).
Ігар таксама бярэ з чалавека па 50 еўра, але на бліжэйшую паездку ў яго ўжо ўся машына занята.
— Усе па-рознаму, думаю, што да Мінска менш за 50 не будзе, калі хтосьці едзе проста так, а калі гэта тыя, хто займаецца перавозкамі — там увогуле цэны шалёныя. Найлепшы варыянт — даехаць да мяжы і ўжо ля мяжы падсесці да кагосьці.
Проста на мяжы падсесці значна танней: Аляксандр, у якога 6 месцаў да Мінска, стаіць зараз у чарзе і бярэ за гэта 20 еўра.
Яшчэ адзін кіроўца, Ігар, рэгулярна возіць спадарожнікаў з Мінска ў сталіцу Літвы. У яго цэны вышэйшыя.
— 70 еўра, але не зразумела, ці будзе вольнае месца на вашу дату.
Такі ж кошт і ў Крысціны — 20 жніўня яна едзе з Вільні ў Мінск.
А самым дарагім аказваецца Рымантас.
— Магу ўзяць вас за 150 еўра — вы будзеце адзін. Калі хочаце, можаце знайсці яшчэ аднаго чалавека, тады з кожнага будзе па 100 еўра. То бок вам трэба будзе заплаціць на 50 менш.
Прапановы ўзяць папутчыка за кошт бензіну, якія раней сустракаліся, цяпер амаль зніклі.
Аўтобусныя перавозчыкі пачалі адмяняць рэйсы ў Вільню і Каўнас з 11 жніўня. Спачатку гучала версія, што гэта адбылося з-за вайсковых вучэнняў, аднак прычына аказалася іншай.
У Літоўскай адміністрацыі транспартнай бяспекі тлумачылі Еўрарадыё, што адмена рэйсаў звязаная з увядзеннем надзвычайнага становішча на літоўска-беларускай мяжы. Праз гэта Літве давялося выдзеліць больш сродкаў і спецыялістаў для аховы мяжы, і прапускная здольнасць пунктаў пропуску зменшылася. Цяпер праз беларуска-літоўскую мяжу могуць праязджаць не больш за 29 аўтобусаў у дзень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут