Мадрыд адказаў на абвяшчэнне незалежнасці роспускам парламента Каталоніі

27/10/2017 - 20:11

Мадрыд адказаў на абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі роспускам парламента аўтаноміі. Датэрміновыя выбары прызначаныя на 21 снежня, заявіў прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра хутчэйшае вяртанне парламента “да нармальнага функцыянавання, якое пачынаецца з закона і вяртае закон каталонцам”.

Як паведамляла Еўрарадыё, 27 кастрычніка парламент Каталоніі прыняў дэкларацыю незалежнасці. За яе прагаласавала большасць дэпутатаў. Парламент рэалізаваў вынікі рэферэндума, праведзенага 1 кастрычніка. Большасць яго ўдзельнікаў выказаліся за незалежнасць Каталоніі ад Мадрыда.

Улады Іспаніі не прызнаюць вынікаў рэферэндума, а абвяшчэнне незалежнасці Рахой назваў “злачынствам”. Іспанскі сенат у пятніцу ўхваліў увядзенне прамога праўлення Мадрыда ў Каталоніі, адпраўленне ў адстаўку ўраду аўтаноміі і прызначэнне новых выбараў у мясцовы парламент.

Тым не менш, улады Іспаніі мусяць лічыцца з тым, што каталонскія ўлады маюць значную падтрымку мясцовага насельніцтва. 27 кастрычніка ў цэнтры Барселоны прайшоў шматтысячны мітынг за незалежнасць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі