Маці Мікіты Крыўцова: сын удзельнічаў у пратэстах — лухта, што кажуць следчыя

23/08/2020 - 11:56

Смерць Мікіты Крыўцова не носіць крымінальны характар. Такія высновы зрабіў Следчы камітэт. Спецыялісты, якія аглядалі цела загінулага, не знайшлі на ім бачных цялесных пашкоджанняў. Па факце смерці 28-гадовага жыхара Жодзіна праводзіцца праверка, прызначаная судова-медычная экспертыза.

Прэс-служба СК асобна заўважае, што малады чалавек "не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і не затрымліваўся з гэтай нагоды". Пры гэтым ёсць відэа, на якім Крыўцоў падыходзіць да шэрагу АМАПаўцаў, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг. А таксама фота, на якіх яго дачка і жонка трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Навошта тады следчым сцвярджаць, што загінулы хлопец не ўдзельнічаў у пратэстах?

Маці Мікіты Крыўцова, Анжаліка Кухтораспавяла Еўрарадыё, што з раніцы яго жонка і бацька знаходзяцца ў Следчым камітэце. З імі праводзяцца следчыя дзеянні. У моргу сваякі Крыўцова яшчэ не былі — апазнанне цела адбудзецца толькі заўтра. Сцвярджэнне пра тое, што Мікіта не ўдзельнічаў у сёлетніх пратэстных акцыях, а яго смерць можа быць не звязаная з падзеямі ў краіне, яна называе лухтой:

 "А як жа відэа? Вы ж самі ўсё бачылі!". 

Жонка загінулага ў сваю чаргу распавяла "Нашай Ніве", што на апазнанне цела не пусцяць нават адваката.

"Апазнанне цела адбудзецца толькі заўтра. Мне сказалі, што на апазнанне не пусцяць нават адваката. Пахаваюць Мікіту ў Маладзечне, дата развітання пакуль невядомая".

Мікіта Крыўцоў знік у Мінску 12 жніўня. У той дзень працягваліся вулічныя пратэсты — меркавалася, што хлопец мог удзельнічаць у іх і быць затрыманым. Да ўчорашняга вечара ён быў апошнім са спіса зніклых 9-13 жніўня. 22 жніўня яго цела знайшлі ў лесапаласе на вуліцы Парніковай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі