На пачатку года Беларусь будзе сябраваць з Расіяй, а напрыканцы ― з Захадам

29/12/2016 - 14:10

2017 год будзе больш складаным, чым сыходзячы 2016-ты ― такі прагноз на Новы год дае беларускі астролаг Уладзімір Васюк. Маўляў, усе праблемы, якія накапіліся ў апошні час, раней ці пазней вылезуць на паверхню:


"Ёсць прымаўка: жадаеш міру ― рыхтуйся да вайны. Гэта не варта разумець літаральна, але гэтая фраза добра будзе адлюстроўваць тое, што ў нас адбываецца як на ўзроўні кожнага чалавека, так і калектываў. То бок, калі хочаш захаваць нейкі канструктыўны рахунак, то трэба быць гатовым сустракаць любыя цяжкасці. Калі Юпіцер у шалях ― лічыцца, што год будзе мірным, але ён будзе мірным у тым выпадку, калі мы самі будзем дзейнічаць. Калі казаць пра палітыку, мір будзе захоўвацца тады, калі супрацьлеглыя палітычныя групы змогуць аказваць адна адной нейкае супрацьдзеянне".

Паводле астролага, адносіны Беларусі з Расіяй і Захадам па-ранейшаму будуць нагадваць арэлі: у першым квартале 2017-га ў стасунках будзе пераважаць заходні вектар, у другім і трэцім ― усходні, напрыканцы года Беларусь зноў будзе больш сябраваць з Захадам. Уладзімір Васюк прадказвае, што толькі ў 2019 годзе наша краіна абярэ шматгадовы курс на Захад.

 

"Колькасць праблем будзе павялічвацца вельмі актыўна, тое, што было летась, гэта быў лепшы сцэнарый развіцця адносінаў унутры ЕАЭС, якія будуць пагаршацца. Прычым, не толькі ў нас, але і ў Арменіі", ― кажа астролаг.


У эканоміцы ніякіх зменаў чакаць не варта: крызіс працягнецца. Беларускі рубель адносна долара і еўра ўпадзе на 30%. Затое ён будзе стабільным да расійскага рубля, бо Расію чакае ледзьве не паўтор сцэнарыя 1998-га года, калі быў аб'яўлены дэфолт.


Цудаў не адбудзецца таксама і ў беларускай культуры, хіба што на сусветную арэну ў другой палове года выйдзе беларускі балет.


Затое Новы год прынясе поспехі беларускім спартоўцам-адзінаборцам: 


"Будзе яскравае і важнае для нашай краіны праходжанне планеты Венера. А Венера, звязаная са знакам Авен, гэта заўсёды змены ў неафіцыйных ці недамінуючых для дзяржавы відах спорту, будуць новыя імёны ў боксе і тайскім боксе. Афіцыйны спорт не дасць такіх паказчыкаў",  ― дадае Уладзімір Васюк.


Да таго ж астролаг мяркуе, што час прыватных ініцыятываў мінуў. У Новым годзе, каб пратрымацца і зарабляць, варта абіраць сумесныя дзеянні , бо 2017-ты ― год калектыўных дасягненняў.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі