Лябедзька лічыць, што праект Канстытуцыі не спадабаецца Пуціну

29/12/2021 - 13:40

Пазаўчора быў апублікаваны праект паправак да Канстытуцыі. Яго абяцалі паказаць да 25 снежня, але апублікавалі напярэдадні нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў СНД у Расіі. Палітыкі, журналісты і палітолагі ўжо разабралі гэты праект на атамы і амаль сышліся на думцы, што папраўкі не для народа, а для Лукашэнкі і ўскосна Пуціна.

"Канстытуцыя — я яе сам пісаў. Юрысты пісалі пяром, а я дыктаваў, таму што я бачыў, я — прэзідэнт, якія мне патрэбныя паўнамоцтвы, каб утрымаць краіну", — так казаў раней Лукашэнка. Ці змог надыктаваць Лукашэнка Асноўны закон так, каб ён спадабаўся Пуціну, і якой рэакцыі варта чакаць ад Расіі? Пра гэта расказаў у эфіры Еўрарадыё Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па справах парламенцкага супрацоўніцтва і канстытуцыйнай рэформы.

— Мне падаецца, што перад Крамлём і Пуціным усе ж такі стаіць адна праблема, пакуль невырашальная. Гэтая праблема называецца "таксічнасць Аляксандра Лукашэнкі", якога яны мусяць падтрымоўваць. Падтрымоўваючы таксічнага Лукашэнку, яны забіраюць таксічнасць на сябе. 

І гэта прыводзіць да таго, што, калі верыць сацыялагічнаму апытанню, якое злілі ў самой Расіі, рэйтынг Пуціна і папулярнага замежнага палітыка меншы, чым Ангелы Меркель. Таму вось гэта штурхае ўсё ж такі Крэмль, каб шукаць нейкі мяккі варыянт зыходу Лукашэнкі з палітычнага рынгу. І калі адпраўляць яго не ў растоўскую піўную, дзе кажуць, што калі-нікалі бачаць Януковіча, то дзесьці вось у тое месца, дзе знаходзіцца спадар Назарбаеў

— Але Лукашэнка не хоча ні туды пакуль і ні сюды. Ён хоча закансерваваць за сабой магчымасць, як кажуць, "сініх рук". Трымацца за гэтую ўладу. 

Тут ёсць праблема, некаторыя гавораць: "Пуціну ўсё роўна, што там думаюць беларусы" — гэта не так, у яго ёсць досвед Крыма. І трэба разумець, што значная частка жыхароў Крыма з сімпатыяй ставіліся да Расіі, і гэта стварала больш такія мяккія наступствы для такой агрэсіі. Калі народ маўчыць ці недастаткова супраціўляецца, а ў значнай ступені ківае галавой, то, канешне, агрэсару ў гэтай сітуацыі значна лягчэй. Вось з беларусамі тут якраз праблема. І гэтыя трэнды і прымушаюць Крэмль шукаць нейкія інструменты. 

Канстытуцыйная рэформа гэта была адна з задумак Пуціна, а не Аляксандра Лукашэнкі, які разумее, што яму асабіста рэферэндум нічога абсалютна не дадае, легітымнасці ў тым лiку. Таму што ўсё закансервавалася — з аднаго боку лагер і з другога, яны такія маналітныя, без ноу-хау каб зламаць расстаноўку сіл, якая сёння існуе. 

Таму прадаць што ён можа? Прадаць толькі артыкул №18, гэта адмова Беларусі ад таго, каб, нават у нейкай перспектыве, быць нейтральнай краінай і бяз’ядзернай. Вось гэты артыкул цалкам для вушэй Пуціна, для Крамля. А ці будзе гэта дастаткова, на мой погляд — не. Для іх усё ж такі было важна, каб нейкі транзіт пакрыху быў запушчаны і яны бачылі гэтыя перспектывы нейкі час, калі Аляксандр Лукашэнка адыдзе ў цень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі