Лукашэнку акружыў натоўп людзей, жанчына з Казахстана здымала яго на тэлефон

25/07/2019 - 12:15

25 ліпеня Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ў працоўнай паездцы ў Ветцы на Гомельшчыне. Ён пазнаёміўся са жнівом, паставіў задачу распрацаваць стратэгію развіцця "Гомсельмаша", прыгразіў ураду турмой за падзеж жывёлы, анансаваў "жэстачайшы экзамен" на летняй Алімпіядзе ў Токіа, і паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі. Сустрэча з людзьмі адбылася каля гарадскога басейна. Лукашэнку акружыў натоўп людзей. Жанчына, якая была ў першым шэрагу, здымала беларускага кіраўніка на тэлефон (многія іншыя прысутныя, у тым ліку і дзеці, таксама рабілі фота і відэа). Паводле яе слоў, яна прыехала на адпачынак з Казахстана.

Аляксандр Лукашэнка імгненна адрэагаваў: "Вось бачыце, да вас ужо з вялізнага, чыстага Казахстана ў адпачынак прыязджаюць!".

Як інфармуе БЕЛТА, людзі радасна віталі Лукашэнку: "Мы вас любім, цэнім, паважаем, Аляксандр Рыгоравіч! Прыязджайце да нас часцей!". Ён ім падзякаваў за тое, што яго падтрымлівалі і падтрымліваюць, у Гомельскай вобласці "нават больш, чым дзе-небудзь". Веткаўскі раён пацярпеў ад чарнобыльскай бяды. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў людзям за тое, што яны "не пакінулі родныя месцы", "захавалі і выратавалі" раён. "Сёння мы бачым, што тут жыць можна і трэба, як бы ні было цяжка", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасля сустрэчы журналісты спыталі ў аднаго з мясцовых жыхароў, чаму ён і яго землякі не скардзіліся Аляксандру Лукашэнку, не гаварылі пра праблемы. Мужчына сказаў, што ў іх усё добра і няма на што скардзіцца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі