Сцяг Польшчы / Łukasz Głowala / Forum
Лукашэнка высылае з Беларусі польскіх дыпламатаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна.
“Беларускія ўлады вырашылі выслаць двух нашых консулаў з Гродна і сувязнога памежнай службы, які быў акрэдытаваны ў Мінску. Так што па дыпламатычным статусе гэтая тройка павінна пакінуць тэрыторыю Беларусі да поўначы 23 лютага”.
Па словах суразмоўцы, такі крок з боку Беларусі азначае скарачэнне польскіх дыпламатычных пляцовак, таму зараз Польшча рыхтуе адпаведны адказ беларускім уладам.
“За доўгі час колькасць польскіх консулаў была настолькі скарочаная, што магчымасці падаць заяву на польскую візу сталі вельмі абмежаванымі, дзякуючы дзеянням лукашэнкаўскай улады”, — дадае Лукаш Ясіна.
У МЗС Беларусі гэтую сітуацыю тлумачаць так:
“Штат Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне павінен быць прыведзены да колькаснага парытэту з колькасцю супрацоўнікаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.
Беларускі бок таксама не бачыць сэнсу далейшага знаходжання на сваёй тэрыторыі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы. Мы давалі яму шанец, аднак замест наладжвання мастоў і садзейнічання вырашэнню праблемных пытанняў, у тым ліку для польскіх перавозчыкаў, на справе яго актыўнасць была накіравана ў супрацьлеглы бок”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут