Лукашэнка распавёў, дзе Беларусь будзе шукаць замежныя крэдыты

26/12/2016 - 08:42

Знешнія інвестыцыі ў Беларусь трэба прыцягваць з улікам дзяржаўных інтарэсаў. Пра гэта на нарадзе па пытаннях прыцягнення знешняга фінансавання заявіў у панядзелак Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за апошнія гады ў афіцыйнага Мінска склаліся партнёрскія адносіны з шэрагам замежных банкаў, якія працуюць у краіне.

"Проста трэба варушыцца, грошай у свеце звышдастаткова. Вядома, ніхто раскідвацца імі не будзе. Але наша краіна мае добрую крэдытную гісторыю, мы нікому ніколі не былі павінны і не плануем мець пратэрмінаваныя крэдытныя рэсурсы або даўгі, таму трэба выкарыстаць гэта і працаваць. Працаваць і з заходнімі банкамі, і з нашымі філіяламі расійскіх банкаў", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён дадаў, што пры атрыманні крэдытаў трэба ўлічваць эканамічную бяспеку і ўзровень золатавалютных рэзерваў. На яго думку, "гонкі за аб'ёмамі быць не павінна, каб не залезці ў неаплатныя пазыкі".

Лукашэнка падкрэсліў, што крэдыты патрэбныя найперш рэальнаму сектару эканомікі. Прычым не толькі беларускі бок шукае крэдыты, але і замежныя банкі (найперш расійскія) прапановаўюць грошы. "Нам трэба абмеркаваць правілы пазыкі, кошт гэтых крэдытаў, варта ці не варта іх браць, куды накіраваць. Калі ёсць канкрэтныя праекты, разлікі іх рэальнай акупнасці, і яны прымальныя, трэба вырашаць пытанне аб знешніх запазычаннях пад гарантыі ўрада", — канстатаваў кіраўнік Беларусі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі