Лукашэнка падзякаваў Сусветнаму банку за альтэрнатыву

29/03/2017 - 09:12

Сусветны банк сваімі праектамі дае Беларусі альтэрнатыву. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 сакавіка на сустрэчы са старшым віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па аперацыйных пытаннях Кайлам Пітэрсам, перадае БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў прадстаўнік Сусветнага банку за сумесную працу. Па яго словах, Беларусь і Сусветны банк "рэалізавалі амбіцыйную праграму" і цяпер распрацоўваюць новую стратэгію супрацоўніцтва. 

"Галоўнае ў тым, што вы сваімі дзеяннямі ў Беларусі даеце нам альтэрнатыву. Ваша праца ў Беларусі дае магчымасць абапірацца не толькі на адну-дзве крыніцы падтрымкі нашай эканомікі, сацыяльных праектаў, бюджэту, але і ў цэлым на вельмі магутную падтрымку Сусветнага банка. Вось за гэта я вам перш за ўсё ўдзячны", — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што пры адсутнасці альтэрнатывы вельмі складана будаваць эканамічныя адносіны ўнутры і выбудоўваць сацыяльную палітыку. 

За час супрацы з Беларуссю Сусветны банк інвеставаў у беларускія праекты больш за 1,6 млрд долараў. Цяпер, па словах Лукашэнкі, рыхтуецца праграма амаль на 1 млрд долараў. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі