Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы", інфармуе яго прэс-служба. Гэты дакумент больш вядомы як "закон аб адтэрміноўках".
Паведамляецца, што падставай для прыняцця гэтага закона сталі аб'ектыўныя дэмаграфічныя праблемы: істотна зменшылася колькасць юнакоў прызыўнога ўзросту. Пры гэтым у Беларусі існуюць 76 катэгорый грамадзян, якія не прызываюцца на тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве.
Нагадаем, што новы закон скасоўвае адтэрміноўкі, якія раней атрымлівалі студэнты — такая адтэрміноўка будзе давацца толькі адзін раз. Але паведамляецца, што захаваюцца ўсе адтэрміноўкі па стане здароўя, сямейным становішчы ды іншыя, якія даваліся раней.
Таксама закон абмяжоўвае прыём на дзяржаўную службу і ў сілавыя органы для тых грамадзян, якія ўхіліліся ад прызыву.