Лукашэнка пацвердзіў, што людзей, якія перамаглі каранавірус, запрашалі на парад

08/05/2020 - 14:17

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што людзей, якія перамаглі каранавірус, запрашалі на парад 9 траўня ў Мінску. У пятніцу ён размаўляў з удзельнікамі акцыі "У славу агульнай Перамогі", шмат гаварыў пра парад, які не быў адменены, нягледзячы на сітуацыю з COVID-19.

"Я абсалютна перакананы, што людзі на парад прыйдуць і нам не трэба нікога прымушаць і цягнуць, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы sb.by. — Але, калі шчыра, я з задавальненнем убачыў бы на гэтым парадзе тых, хто перамог [каранавірус] у гэтыя дні. Бо перахварэлі — гэта людзі, якія перамаглі. Не хваробу, бо хвароба — гэта самае простае, што можна цяпер перамагчы. Не гэты вірус. А тое, што цяпер у галаву ўбілі людзям і тыя нядобрасумленныя палітыкі, палітолагі і іншыя — сапраўдны псіхоз".

6 траўня TUT.by паведаміў пра некалькі выпадкаў, калі людзям, якія паправіліся пасля заражэння каранавіруснай інфекцыяй, тэлефанавалі невядомыя асобы. Яны прадстаўляліся супрацоўнікамі адміністрацый розных раёнаў сталіцы і прапаноўваліся наведаць парад. Журналісты ператэлефаноўвалі на нумары і сапраўды траплялі ў адміністрацыі раёнаў. Але там сказалі, што нічога не чулі пра такія прапановы. Пра падобныя факты 8 траўня паведаміла Радыё Свабода.

Але ў пятніцу Лукашэнка гаварыў пра тое, што падобная ініцыятыва была і ён да яе прыхільна адносіцца.

"Я рады быў бы бачыць іх [людзей, якія паправіліся пасля каранавіруса], — цытуе словы беларускага кіраўніка sb.by. — І калі хтосьці — я так разумею, з мясцовых уладаў — запрасіў гэтых пераможцаў, якія перамаглі гэтую хваробу, ім месца на трыбуне мы заўсёды знойдзем. Я за гэта тых [чыноўнікаў], хто арганізоўваў і запрашаў, не асуджаю — гэта прынамсі годна ўлады, калі яна бачыць гэтых пераможцаў і запрашае іх".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі