Лукашэнка: Мы правядзем беларуска-расійскія вучэнні маштабна і сур'ёзна

13/06/2017 - 11:23

Нягледзячы ні на які ціск, беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" будуць праведзеныя маштабна і сур'ёзна. З такой заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў 13 чэрвеня на сустрэчы з ваеннымі міністрамі дзяржаў — чальцоў АДКБ.

"Вы выдатна ведаеце, што Беларусь і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў межах АДКБ адказная за заходні кірунак. Гэта зона адказнасці Беларусі, і ўсё наша войска сканцэнтраванае на гэта разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас выбудаваны дакладны план дзеянняў у розных сітуацыях", — паведаміў кіраўнік Беларусі. 

Лукашэнка нагадаў, што ўвосень на тэрыторыі Беларусі пройдуць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні "Захад-2017". Па яго словах, Беларусь адчувае ціск у сувязі з гэтай падзеяй. 

"І як бы нас ні ціснулі, мы правядзем гэтыя вучэнні. І нацэленыя на тое, каб яны прайшлі маштабна і вельмі сур'ёзна. Ведаю, што і ў Расіі дакладна такі ж настрой. Мы нікога не палохаем. Нам чужога не трэба. Таму мы будзем адпрацоўваць усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыйныя сапернікі. Мы навучаем войска і будзем яго навучаць абараняць нашу тэрыторыю, нашу дзяржаву, нашыя народы", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсліў, што вучэнні будуць праходзіць у атмасферы адкрытасці: на іх запросяць усіх міністраў абароны краін АДКБ і не толькі іх. 

Апасенні ў сувязі з беларуска-расійскімі вучэннямі выказвалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі: яны мяркуюць, што расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі. Амбасадар Расіі ў нашай краіне Сурыкаў з гэтай нагоды заявіў на нядаўняй прэс-канферэнцыі, што войскі пасля вучэнняў адразу вернуцца дадому. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі