Лукашэнка даручыў разабрацца з коштамі ў студэнцкіх сталовых

11/01/2018 - 16:36

Кіраўнік дзяржавы даручыў у пытаннях коштаўтварэння на стравы ў студэнцкіх сталоўках арыентавацца на БНТУ. Пра гэта гаворыцца ў лісце віцэ-прэм'ера Васіля Жарко на адрас Мінадукацыі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Мінздароўя і рэктараў ВНУ.

"На працягу I квартала ва ўсіх ВНУ харчаванне павінна быць не даражэй, чым у БНТУ! Якасць таксама!" — цытуе партал tut.by радкі дакумента. Рашэнне было прынятае па выніках разгляду дакладной запіскі прэс-сакратара прэзідэнта ад 19 снежня 2017 года.

Персанальная адказнасць за выкананне даручэння ўскладаецца на міністра адукацыі і рэктараў ВНУ.

Як піша tut.by, у снежні супрацоўнікі Нацыянальнага прэс-цэнтра, падкантрольнага Адміністрацыі прэзідэнта, прааналізавалі харчаванне ў студэнцкіх сталоўках трох буйных мінскіх універсітэтаў — БНТУ Мінскага лінгвістычнага і БДУ. 

Найлепшыя ўражанні ў іх пакінула сталоўка спартыўна-аздараўленчага комплексу "Палітэхнік", які адносіцца да БНТУ. У дакуменце гаворыцца, што ў сталовай штодня разнастайнае меню і пры вялікіх чэргах абслугоўванне даволі хуткае.

Мінімальны абед у гэтай сталоўцы можа каштаваць 1 руб. 75 кап. (салата з квашанай капусты, боршч, макароны, кураняты смажаныя). Самы дарагі абед — 4 руб. 31 кап. (салата "Вострая", боршч, шкварка са свініны, каша рысавая).

Самыя дарагія абеды, як выявілася, у БДУ — у сярэднім 4 рублі. Такім чынам, на 20 навучальных дзён на месяц студэнту на абеды ў сталоўцы неабходна выкласці 80 рублёў. Пры гэтым мінімальная стыпендыя сёння складае 62 рублі ў месяц, чаго на штодзённае харчаванне, відавочна, не хапае.

Каментуючы гэтае рашэнне журналістам, кіраўнік адной са сталовых назваў падрыхтаваную запіску "непрафесійнай". Ён звярнуў увагу, што кошт страваў можа залежаць ад порцыі: "Адна справа 50 грамаў мяса, другая — 100. Цалкам іншая цана! Цяпер кошты рэгламентаваныя надбаўкамі, ніхто не можа рухацца ў адвольным парадку. Пастаўшчыкамі з'яўляюцца дзяржаўныя малочныя заводы і мясакамбінаты. Чаму перад імі ніхто не ставіць пытанні, а давайце-ка вы для студэнтаў зробіце зніжкі? Цяпер атрымліваецца, каб студэнту паўнавартасна паабедаць, трэба 3,5 рубля хаця б. Мне здаецца, што людзі не тым займаюцца. Трэба стыпендыі павышаць".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі