Лукашэнка апошнім з кандыдатаў зарэгістраваў выбарчы рахунак

15/09/2015 - 10:48

Усе кандыдаты ў прэзідэнты адкрылі спецыяльныя выбарчыя рахункі ў "Беларусбанку". Апошнім свой выбарчы рахунак адкрыў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе Цэнтрвыбаркам.

Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч свае выбарчыя рахункі адкрылі яшчэ ў час, калі збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты. Грошы, якія прыходзілі на гэтыя рахункі, выдаткоўваліся на патрэбы выбарчай кампаніі, адзначае БЕЛТА.

Лукашэнка да рэгістрацыі кандыдатам выбарчы рахунак не адкрываў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тады выказвала журналістам меркаванне, што ў кіраўніка дзяржавы можа не быць часу на асабісты паход у банк. З часу рэгістрацыі кандыдата выбарчы рахунак можа адкрыць яго давераная асоба.

Інфармацыю пра апошнія паступленні грошай у фонды кандыдатаў Цэнтрвыбаркам плануе абнавіць 16 верасня.

Асабісты фонд кандыдата можа складацца з грошай самога палітыка. Прычым іх не можа быць больш за 9000 базавых велічыняў. На сёння гэта 1 мільярд 620 мільёнаў рублёў. Акрамя ўласных сродкаў кандыдата ў фонд могуць пералічвацца добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Беларусі (не болей за 3,6 млн рублёў ад кожнага, г.зн. 20 базавых) і добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не больш за 9 млн рублёў ад кожнай, г.зн. 50 базавых).

Не дапускаецца пералічэнне грошай ад замежных грамадзян і міжнародных арганізацыяў.

Фота: УНІАН

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі