Літва не бачыць росту ваеннай пагрозы з боку Беларусі

04/09/2026 - 12:07

Літва / Dainius Labutis | Elta

Літва цяпер не бачыць росту ваеннай пагрозы з боку Беларусі. Пра гэта заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс. Паводле яго слоў, літоўскія службы не маюць інфармацыі пра з'яўленне новых расійскіх ваенных частак, якія маглі б непасрэдна пагражаць Літве, Латвіі або Польшчы.

"На сённяшні дзень мы не бачым павышанай пагрозы", — сказаў Матулёніс. Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка, паводле ацэнкі літоўскага боку, цяпер не зацікаўлены ў непасрэдным удзеле ў вайне Расіі супраць Украіны і спрабуе палепшыць адносіны з Захадам і ЗША. Літоўская разведка працягвае сачыць за сітуацыяй і гатовая звярнуць увагу на магчымае засяроджванне расійскіх войскаў.

Заява прагучала пасля слоў Святланы Ціханоўскай. Напярэдадні яна заявіла, што ў Беларусі будуецца новая ваенная інфраструктура, у тым ліку каля межаў з ЕС. На яе думку, гэта можа сведчыць пра падрыхтоўку да магчымай эскалацыі.

У Літве пакуль не пацвярджаюць гэтую інфармацыю. Пры гэтым Мінск сапраўды паведаміў пра стварэнне пяці ўмацаваных раёнаў уздоўж заходняй і паўночнай межаў Беларусі. Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што на паўднёвай мяжы ўмацаваныя раёны ствараць не плануецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі