Літва адмовіла ў просьбе аб забеспячэнні прыстанішча 89 мігрантам

06/07/2021 - 09:04

За першыя паўгода 2021 года Літва адмовіла ў забеспячэнні прыстанішча 89 мігрантам, якія нелегальна перайшлі беларуска-літоўскую мяжу, — ніводная просьба не была пацверджаная, піша Delfi.

Па словах дырэктаркі Дэпартамента міграцыі Эвеліны Гудзінскайтэ, просьбы адхіляюцца, бо сумесна з супрацоўнікамі разведкі ўдаецца даведацца, што гэтым людзям на радзіме не пагражае небяспека.

Згодна з літоўскімі законамі, адхіленыя просьбы могуць быць абскарджаныя ў судах, а сам працэс ад падачы апеляцыі да выраку можа заняць восем месяцаў. А яшчэ калі просьбу суд адхіляе, мігрант можа падаваць новае хадайніцтва, прычым, рабіць гэта неабмежаваную колькасць разоў, што робіць немагчымым вярнуць чалавека на радзіму.

"Гэта пралом у еўрапейскай дырэктыве. Вядома, у ёй прадугледжана, што калі пададзеная мігрантам паўторная просьба неабгрунтаваная, то проста прымаецца рашэнне яе не разглядаць. Але гэта рашэнне ўсё адно павінна быць матываваным і таксама можа быць абскарджана ў судах", — кажа дырэктарка Дэпартамента міграцыі.

У 2021 годзе ў Літву з тэрыторыі Беларусі прыбыла больш за 1200 незадакументаваных мігрантаў.  Літоўскія ўлады мяркуюць, што гэта гібрыдная атака беларускага рыжэму, які помсціць Літве за санкцыі і падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці.

6 ліпеня мяжу з Беларуссю разам з літоўскімі чыноўнікамі наведаў старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль. За апошнія суткі нелегальна перайшлі мяжу 131 чалавек.

Шарль Мішэль на мяжы з Беларуссю з боку Літвы / Белсат

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі