Лекарам Газы даводзіцца рабіць аперацыі без наркозу і абязбольвальных

23/10/2023 - 15:52

Сартаванне гуманітарнай дапамогі ў Газе / Ибрагим Абу Мустафа/Reuters

Лекары ў сектары Газа вымушаныя рабіць пацярпелым аперацыі без наркозу і іншых абязбольвальных, бо блакада анклава прывяла да вычарпання запасаў. Пра гэта расказаў прадстаўнік міжнароднай гуманітарнай арганізацыі "Лекары без межаў".

"Лекары праводзяць хірургічныя аперацыі без неабходнай дозы морфія, — сказаў кіраўнік місіі MSF у Ерусаліме Леа Канс у інтэрв'ю CNN. — Ёсць людзі, якіх аперуюць без морфія. Гэта толькі што адбылося з двума дзецьмі".

Паводле яго, сярод параненых у выніку абстрэлу Газы шмат дзяцей.

Пасля працяглых перамоваў у Газу ўсё ж змаглі заехаць тры калоны грузавікоў з міжнароднай гуманітарнай дапамогай. Акрамя іншага яны прывезлі медыкаменты. Але на працы бальніц таксама адбіваецца недахоп паліва.

Адсутнасць паліва ўплывае і на забяспечанасць сектара вадой — паліва патрэбнае для працы апрасняльных водаправодных станцый. Праз тое, што многія жыхары Газы вымушаныя піць неачышчаную ваду, у рэгіёне адбылася ўспышка дыярэі.

На мінулым тыдні Ізраіль аднавіў падачу вады ў паўднёвую частку сектара — Тэль-Авіў заклікае грамадзянскае насельніцтва густанаселенай поўначы сектара эвакуявацца туды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі