Крызіс палітыкі Лукашэнкі: больш без опцыі "гойсаць паміж двух крэслаў"

13/04/2022 - 12:09
Прайшлі тыя часы, калі было два крэслы / Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне — праз гэта на Захадзе яго ўспрымаюць як васала Пуціна. Калі беларускаму кіраўніку надакучыць гэтая роля, то ці зможа ён вярнуць суб'ектнасць? Ці зможа ён, напрыклад, запатрабаваць вывесці расійскія войскі з Беларусі?

— Пра патрабаванні, мне здаецца, мы наогул больш гаварыць не можам. Патрабаваць ён нічога не будзе, гэта будуць хутчэй угаворы, прапанаванне нейкіх кампрамісаў, абменаў, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Цалкам вярнуцца ў сітуацыю 2015 года, калі яго [Лукашэнку] ўспрымалі абсалютна аўтаномным рэгіянальным гульцом са сваімі інтарэсамі, ён ужо не зможа. Таму што ўсе бачылі, што адбываецца ў крытычнай сітуацыі. Але гэта не значыць, што на гэтым спектры немагчымы рух.

Адна рэч таргавацца з Захадам з пазіцыі "ў мяне на тэрыторыі стаяць расійскія войскі". Іншая рэч таргавацца, калі гэтых войскаў няма. Спрабаваць па прыватных каналах даводзіць, што "мы на самай справе не ведалі, што вайна пачнецца. Мы не хацелі, мы думалі, што вучэнні будуць. Нас падманулі, мы супраць вайны. Дайце нам шанец яшчэ раз не далучацца, калі Пуцін будзе ціснуць. Павялічце нашу прастору для манеўру".

І я думаю, што на Захадзе паступова будуць з'яўляцца людзі, якія будуць гатовыя не тое каб яшчэ раз даверыцца Лукашэнку — пра гэта ўжо не ідзе гаворкі, а якія паспрабуюць прыкласці максімум намаганняў, каб убіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным.

— Дарогі назад няма, Лукашэнка можа адыграць толькі частку, — працягвае Арцём Шрайбман. — Гэта можа выразіцца ў зняцці нейкіх санкцый, звязаных з экспартам калію, нафтапрадуктаў, жалеза, цэменту і гэтак далей.

Я думаю, Лукашэнка за зняцце гэтых санкцый яшчэ здольны патаргавацца, пэўным спосабам змяніўшы сваё пазіцыянаванне. Думаю, што ў рамках стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне Захад будзе гатовы пайсці на нейкія размены. Для Лукашэнкі цяпер самая галоўная праблема ў тым, каб чым-небудзь зацікавіць Еўропу і астатні свет. Яго праблема ў тым, што ён больш не рэлевантны.

Цяпер Лукашэнку будзе вельмі цяжка вярнуцца да палітыкі "трактара міралюбнасці" / Reuters/Ukrainian Presidential Press Service

Лукашэнка можа пачаць выпускаць палітвязняў — гэта адна з магчымых прапаноў у бартары з Захадам. Ці зразумеюць такі ход сілавікі, якія сталі інструментам рэпрэсій?

— Там [у сілавых структурах] ёсць ідэалагічна зараджаныя людзі, якія вераць, што яны знішчаюць ворагаў дзяржавы, — кажа Арцём Шрайбман. — І робяць гэта з радасцю і гонарам. А калі тое, чым яны ганарацца, будуць нівеляваць у працэсе торгу з Захадам, калі скажуць, што "мы адпускаем тых, каго вы саджалі", то я не ўпэўнены, што яны гэта нармальна ўспрымуць. Можа быць, шараговыя ўспрымуць нармальна, але кіраўнікі, самыя ідэалагічна зараджаныя — не ўпэўнены, што яны будуць радыя такому павароту падзей.

"Дарма мы іх хіба разганялі?!" / Еўрарадыё

Як Лукашэнка будзе далей выбудоўваць адносіны з Пуціным? Раней можна было скакаць на палітычных крэслах, тым самым набіваючы сабе цану перад "Уладзімірам Уладзіміравічам". Цяпер жа акрамя як да Пуціна, магчыма, ісці няма куды. Пастка.

— Ён вельмі шмат гадоў разлічваў і спадзяваўся на тактыку быць у рыторыцы яшчэ большым рускім патрыётам, чым рускія патрыёты. Яшчэ да вайны бравіраваў "ядзерную зброю паставім, разам будзем ваяваць", спадзеючыся на тое, што вайны не будзе. Рыторыку можна прадаваць, пакуль няма вайны. Ён уключыўся ў блеф. Лукашэнка лічыў, што калі Пуцін блефуе, то ён паблефуе разам з ім, зрубіць нейкіх бонусаў.

А выявілася, што Пуцін не блефаваў, усе памыліліся. Мы назіраем правал тактыкі, якая доўгія гады працавала для яго. Думаю, ён перажывае яшчэ больш, што ён цяпер не ведае, як сябе паводзіць з Пуціным. Пуцін перастаў быць тым суразмоўнікам, які раней для яго быў зразумелы і прадказальны, — рэзюмуе Арцём Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі